Віцебскія кадэты і іх настаўнік шукаюць на Віцебшчыне “самае-самае”
У Віцебскай абласной бібліятэцы адбылася прэзентацыя праекта “Займальная Віцебшчына” – вынік працы краязнаўца, кандыдата гістарычных навук, настаўніка гісторыі Мікалая Півавара і ягоных вучняў – выхаванцаў кадэцкай вучэльні.
Падлеткі падрыхтавалі паведамленні пра 120 цікавых аб’ектаў, якія маглі б прыцягнуць увагу турыстаў, і ўжо зроблены макет адмысловага выдання “Займальная Віцебшчына”, які плануюць выдаць у наступным годзе. Вучням было прапанавана пашукаць звесткі пра “самае-самае” – самае глыбокае возера, самае старое дрэва, самы высокі курган і гэтак далей. І гэтае паўжартоўнае заданне стала першым пунктам для працы над вельмі сур’ёзнай праблемай, кажа Мікалай Півавар:
– Чаму ў нас не развіваецца ўнутраны турызм? Мы прыйшлі да высновы, што найбольш важкая прычына – гэта невысокі ўзровень матываванасці на гэтыя вандроўкі. Проста кажучы, людзям не цікава тое, што ёсць унутры краіны. Існуе такі стэрэатып: “Ай, у нас няма чаго глядзець!” І мы пачалі шукаць, ці сапраўды ў нас няма чаго паглядзець, ці ўсё-ткі ёсць?
Прэзентацыя праекту праходзіла па-беларуску, выхаванцы кадэцкай вучэльні адзначалі, што развіццё ўнутранага турызму стрымлівае і адсутнасць належнай інфраструктуры ў сельскай мясцовасці, і невысокія заробкі беларусаў. Выправіць гэта падлеткам не па сілах, але разбурыць стэрэатып пра тое, што “у нас няма чаго глядзець”, яны паспрабавалі. Вучні разам са сваім настаўнікам правялі некалькі выставаў”Самая-самая Віцебшчына: найбольш цікавыя мясціны вобласці”, падрыхтавалі тэматычныя плакаты з атракцыйнымі аб’ектамі. Ёсць і папярэдняя дамоўленасць з Віцебскім гарвыканкамам, што ў горадзе з’явіцца сацыяльная рэклама на транспартных прыпынках – з выкарыстаннем распрацаваных вучнямі візуальных матэрыялаў.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя