Віцебскія ўлады не жадаюць перайменоўваць бібліятэку Леніна



Складальнікі петыцыі за перайменаванне Віцебскай абласной бібліятэкі імя Леніна ў бібліятэку імя Васіля Быкава атрымалі адмоўны адказ з аблвыканкаму.

У лісце з подпісам начальніка ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкаму Пятра Падгурскага напісана, што чыноўнікі не будуць разглядаць гэтае пытанне „ў сувязі з адсутнасцю адзінага падыходу і палярнасцю поглядаў”.

Па словах стваральніцы петыцыі Тацяны Севярынец, яны працягнуць змагацца за наданне бібліятэцы імя Васіля Быкава:

– Так проста мы гэта не пакінем. Пасля выходных адразу ідзем ва ўпраўленне культуры, каб паглядзець у вочы Падгурскаму, які падпісаў гэты ганебны адказ. Хочам усё ж такі высветліць падставу адмовы, а потым зразумела будзем звяртацца ва ўпраўленне культуры. Якая беларускасць, калі „Рускі дом” тут кіруе ва ўсю.

Па словах Севярынец, мясцовыя ўлады ўхіліліся ад вырашэння пытання. Пад петыцыяй падпісаліся 325 чалавек. Апрача гэтага, подпісы збіраліся і пад калектыўнымі лістамі. Сабраўшы 114 подпісаў за некалькі дзён, Тацяна Севярынец аднесла іх ў аблвыканкам.

Беларускае Радыё Рацыя