Віцебскую дызайнерку адзення натхніла карціна Рэпіна “Беларус”
27-гадовая віцебская дызайнерка Надзея Гутнікава стварыла калекцыю касцюмаў Віцебскай вобласці канца 19-га – пачатку 20-га стагоддзяў.
Першым прадметам калекцыі стала мужчынская світка – такая, якой дызайнерка ўбачыла яе на карціне Іллі Рэпіна “Беларус”, напісанай ў маёнтку Здраўнёва пад Віцебскам у 1982 годзе.
Гэты маёнтак быў лецішчам мастака, і тутэйшыя сяляне часам траплялі на ягоныя палотны. Натуршчыкам для карціны “Беларус” стаў мясцовы жыхар Сідар Шаўроў. Віцебская дызайнерка натхнілася рэпінскім вобразам і стварыла ўласную калекцыю з 22 прадметаў мужчынскага і жаночага адзення.
На думку старшыні абласной філіі Беларускага саюзу мастакоў Святланы Баранкоўскай, у дадзеным выпадку ўплыў выяўленчага мастацтва паспрыяў яшчэ адной важнай з’яве: звароту да гісторыі Віцебшчыны:
– Калі чалавека натхняе жывапіс на стварэнне дэкаратыўна-прыкладного мастацтва, то гэта хутчэй не выключэнне з правілаў: як правіла, так і атрымоўваецца. Тое, што Надзея за гэта ўзялася, гэта вартае вялікай павагі. Бо мы ведаем гісторыю старажытнага Рыму, Грэцыі, але не ведаем, што ў гэты час ужо былі паселішчы на Віцебшчыне. Мы ведаем, што робіць Дыёр або Гуччы, але не ведаем, што насілі нашыя бабкі, нашыя дзяды.
Некаторыя прадметы адзення Надзеі Гутнікавай выглядаюць вельмі сучаснымі – іх можна хоць цяпер апрануць у выглядаць модна і крэатыўна. А ў суседняй зале экспануюцца народныя строі ранейшага часу, рэканструяваныя народнымі майстрамі. Апрануць іх можна хіба для фотасесіі, але разглядаць на выставе надзвычай цікава.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя