Візавая падтрымка „Басовішча” ў Менску (абноўлена)



Звароты па візы арганізатары фестывалю прымаюць толькі да канца гэтага тыдня.

Басовішча

Наведнікі фестывалю “Басовішча” з Менску атрымалі візавую падтрымку – урэшце спробы дамовіцца з польскай амбасадай прынеслі станоўчы вынік.

Уся неабходная інфармацыя ёсць на старонцы “Басовішча”.

Раней групавыя візы ў Польшчу на фестываль пачалі афармляць у польскіх кансульствах – прыгадвае старшыня Беларускага аб’яднання студэнтаў, аднаго з арганізатараў фестывалю, Ганна Пякарская:

– З візамі я думаю, усе тыя, хто сочыць, ведаюць, што ў Гародні мы ўжо атрымалі і завяршылі набор заявак. У Берасці яшчэ думаю можна даслаць заяўкі, калі будзеце патрабаваць нейкія запрашэнні ці штосьці яшчэ, то мы без праблем вам гэта напішам.

„Толькі што атрымалі цудоўную інфармацыю і адразу вам яе пераказваем. Усе, хто хочаа атрымаць візавую падтрымку з амбасады ў Мінску, дасылайце заяўкі на адрас: [email protected], ужо дзейнічае! Да імэйла далучыце такую інфармацыю:

1) імя і прозвішча, 2) дата нараджэння, 3) адрас, 4) кантактны нумар, 5) нумар пашпарту, 6) дата выдання і прыдатнасці пашпарту.

ЗАЯЎКІ ПРЫМАЕМ ТОЛЬКІ ДА 21.06, 21:00”

Сярод хэдлайнераў Басовішча-2015 Лявон Вольскі, Brutto, таксама ўжо вядома пра ўдзел гурта Akute.  У праграме таксама ёсць „Dzieciuki” з Гародні і „Yegor Zabelov Trio” з Менску, польскія гурты „Lao Che” і „Ostrov”.

Фестываль музыкі маладой Беларусі „Басовішча” ў 2015 годзе традыцыйна будзе праходзіць на лясной паляне ў Борыку каля мястэчка Гарадок непадалёк ад беларуска-польскай мяжы ў самай сярэдзіне лета 17–18 ліпеня.

Фэст „Басовішча” бясплатны. Цягам некалькіх апошніх гадоў у арганізатараў паўставалі складанасці з дамовай на візавую падтрымку ў тым ліку па той прычыне, што наведнікі фэсту не маюць квіткоў і праз гэта амбасада аніякім чынам не можа спраўдзіць намеры таго, хто звяртаецца па візу.

„Басовішча” ладзяць у сярэдзіне лета ўжо трэцяе дзесяцігоддзе. Без залішняй сціпласці фэст можа называць сябе культавым. Асаблівую унікальную атмасферу на лясной паляне каля мястэчка Гарадок фармуюць з пакалення ў пакаленне ўсё новыя арганізатары фэсту з Беларускага Аб’яднання Студэнтаў у Польшчы.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя/Generation.by