Велікодныя перадачы на Беларускім Радыё Рацыя
У святочную нядзелю на хвалях нашага радыё прагучаць адмысловыя велікодныя перадачы. У нядзелю, а поўных гадзінах, замест навінаў пачуем „Велікодныя прытчы„. “Велікодныя прытчы” – святочны праект Стася Дэдэркі. Штогадзіну пачынаем з мудрай гісторыі, досціпу, нават жарту на спрадвечныя тэмы ды падмацоўваем адмысловым спевам.
У 08:05 / 09:05 перадача „Уваскрэслы пабач нас” Якуба Сушчынскага. У перадачы яе аўтар пазнаёміць радыёслухачоў з сучасным станам рэлігіязнаўчай навукі, захаваннем нацыянальна-культурнай спадчыны. Асобнае месца у праграме адведзена поступу хрысціянскай веры на прыкладзе гарадзенскай праваслаўнай епархіі.
У 11:05 / 12:05 пачуем рэпартаж Радка Дамброўскага і Ілоны Карпюк „Пасха па-сербску„.
А 14:05 / 15:05 Таццяна Смоткіна запрашае на перадачу „Вялікдзень з белым раялем„. Вялікдзень – сямейнае свята. Традыцыі яго святкавання амаль аднолькавыя ў кожнай сям’і. Але ёсць сем’і, дзе свята адзначаецца з нейкай своеасаблівай адметнасцю. Так было і ёсць у сям’і спявачкі і кампазітаркі з Глыбокага Ганны Шакола. Здаўна яе сям’я святкуе Вялікдзень з белым раялем, які яшчэ яе дзядуля абмяняў на карову.
16:30 / 17:30 „Мы бачым” Наш карэспандэнт сустрэўся з настаяцелем Свята-Пакроўкага Сабору Гародні, айцом Георгіем Роем. Сярод тэмаў узнятых у перадачы: пакліканне да святарства, велікодныя традыцыі, вялікі дар і адначасна, выклік для вялікай, шматдзетнай сям’і.
* * *
У велікодны панядзелак на хвалях нашага радыё прагучаць:
у 14:10 /15:10 „Мы бачым” У публіцыстычнай перадачы «Мы бачым» прапануем вашай ўвазе інтэрв’ю з каталіцкім віцебскім біскупам Алегам Будкевічам. З нашым госцем паразмаўляем пра сітуацыю касцёла на Віцебшчыне, адраджэнне рэлігійнага жыцця і святы Уваскрасення Гасподняга. Як іх трэба перажыць, як да іх належным чынам быць падрыхтаваным.
Вялікодны Падляшскі Канцэрт Пажаданняў будзе перанесены з суботы (15.04) на святочны панадзелак (17.04) ад 18:00 да 21:00 (19:00 да 22:00 беларускага часу). Падчас гэтай перадачы можам скласці пажаданні сваім родным, блізкім, каханым, суседзям з любой нагоды. Таксама можна будзе непасрэдна патэлефанаваць у рэдакцыю і перадаць пажаданні сваім голасам, а нават падабраць адумысловую песню. Вядучыя перадачы: Зміцер Косцін і Валя Лаеўская.
Апрача таго ў нашым інфармацыйным эфіры ад 15:00 па 18:00 (16:00 – 19:00 беларускага часу) шмат інфармацыі, матэрыялаў і справаздач нашых карэспандэнтаў пра Велікодныя святы на Беларусі, на Падляшшы і ў свеце.