Вобразы эпохі ў творах Чэслава і Станіслава Манюшкаў
2 траўня 2019 года а 17-й гадзіне ў філіяле Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь музеі “Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай паловы XIX стагоддзя” (г. Менск, вул. Інтэрнацыянальная, 33А) адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы «Вобразы эпохі ў творах Чэслава і Станіслава Манюшкаў», прысвечанай 200-годдзю з дня нараджэння Станіслава Манюшкі і арганізаванай пры падтрымцы Польскага інстытута ў Менску. На выставе будуць прадстаўлены вокладкі нотных сшыткаў Станіслава Манюшкі і аркушы з малюнкамі з альбомаў яго бацькі Чэслава Манюшкі са збору Музычнага таварыства імя Станіслава Манюшкі ў Варшаве.
Імя выдатнага кампазітара Станіслава Манюшкі і яго музыка шырока вядомыя ў Беларусі – асобныя песні і арыі з яго опер выконваюцца на канцэртах, з яго творчасцю знаёмяць навучэнцаў музычных навучальных устаноў. А вось малюнкі Чэслава Манюшкі беларускай публіцы невядомыя зусім.
Ён не быў прафесійным мастаком, не атрымаў спецыяльнай адукацыі, але мастацтвам захапляўся заўсёды. Некаторы час ён дзяліў агульную майстэрню з Валенціем Ваньковічам у Верхнім горадзе ў Менску, карыстаючыся парадамі паспяховага мастака. Спадчына Чэслава Манюшкі налічвае шэсць рознафарматных альбомаў з вершамі, паэмамі, а таксама малюнкамі, зробленымі алоўкам, пяром і тушшу.
Сюжэты малюнкаў узяты са штодзённага жыцця. Гэта выявы знаёмых яму сядзіб, людзей са свайго атачэння, бытавых сцэн. Ёсць выявы блізкіх яму людзей: сына Станіслава ў 5 гадоў і ўжо гімназістам, жонкі Эльжбеты з Маджарскіх – з кнігай у руках, за раялем, новых сваякоў Мюлераў. Часта малюнкі суправаджаюцца подпісамі-тлумачэннямі, што робіць іх яшчэ больш цікавымі для сучасных гледачоў.
Выстава будзе працягвацца да 2 ліпеня. Уваход на выставу па білеце ў музей.
Паводле прэс-рэлізу