«Вобразы і сімвалы» ў Глыбокім
„Вобразы і сімвалы” – выстава жывапісных прац, прысвечаных Халакосту, адкрылася ў Глыбоцкім цэнтры культуры. На ёй прадстаўлены працы мастакоў Віцебшчыны з 27-га пленэру, які праводзіў Культурна-асветніцкі цэнтр імя Язэпа Драздовіча ў Лужках Шаркоўшчынскага раёна. У ім прынялі ўдзел пятнаццаць беларускіх мастакоў. На выставе можна пабачыць і габелены старшыні Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага саюза мастакоў Святланы Баранкоўскай.
Па словах арганізатара выставы і кіраўніка народнага клуба майстроў “Крыніца” Святланы Кавальчук, тэма Халакоста вельмі хвалюючая тэма для тутэйшай мясцовасці. І ў Глыбокім, і ў Шаркоўшчыне, і ў Лужках былі гета, якія потым знішчылі.
— Працы разнастайныя: алей, акварэль. На карцінах мы можам бачыць не толькі трагічныя моманты. Мы крыху разбавілі больш светлымі працамі, бо нават тады, калі ўсё гэта адбывалася, людзі ўсё адно хацелі жыць і любіць. Гэтая выстава ўжо была ў Лужках, у Шаркоўшчыне.
Гэта ўжо другая па ліку выстава, прысвечаная Халакосту, якая праводзіцца ў Глыбокім. Трынаццаць год таму Культурна-асветніцкі цэнтр імя Язэпа Драздовіча таксама выстаўляў палотны, прысвечаныя гэтай тэме.
Выставу “Вобразы і сімвалы” можна будзе наведаць у Глыбокім да канца лістапада, потым яна ў дапоўненым складзе пераедзе ў Віцебск.
Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя