“Вобразы маленькага свету” – выстава ў Гародні



4 кастрычніка 2019 года ў Цэнтры гарадскога жыцця адбудзецца адкрыццё выставы гарадзенскага фатографа Сяргея Саковіча пад назвай «Вобразы маленькага свету».

Сяргей Саковіч захапляецца макраздымкай і паказвае страшных жукоў і павукоў мілымі і забаўнымі, а птушак і матылькоў – яшчэ прыгажэйшымі, чым яны нам здаюцца. Сяргей – біёлаг па адукацыі. І макраздымка для яго – гэта яшчэ і спосаб вывучыць жывёл і насякомых.

Пра сваю будучую выставу распавядае Сяргей Саковіч:

– Мне хацелася неяк падсумаваць вялікую колькасць здымкаў, якія я зрабіў, прыкладна за пяць апошніх год. Выбраць самыя лепшыя і іх прадэманстраваць. Па-другое, фотавыстава накіраваная на тое, каб паказаць макрасвет Гарадзеншчыны, яго разнастайнасць. Для тых, хто незнаёмы з макрасветам, – пазнаёміць, для тых, хто знаёмы, ён даведаецца больш. Таму што ў першую чаргу я стараўся шукаць найбольш нетыповых прадстаўнікоў, якіх мы ведаем менш за ўсё.

На думку Сяргея Саковіча, выстава будзе цікава людзям любога ўзросту, нават маленькім дзеткам:

– Трэці момант, які таксама важны, гэта фотавыстава будзе цікавая не толькі дарослым людзям, але і дзецям, то бок накіраваная на вельмі шырокую публіку. Сярод здымкаў будуць прадстаўленыя некаторыя ўжо вядомыя мае здымкі, якімі  часам дзялюся ў сацыяльных сетках. А таксама будуць і новыя здымкі, якія не траплялі ў сеціва.

Адкрыццё выставы 4 кастрычніка 2019 году а 19-й гадзіне ў Цэнтры гарадскога жыцця.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: hrodna.life