“Водгулле…” з дарогі Аляксея Пяткевіча
У гарадзенскім выдавецтве “ЮрСаПрынт” нядаўна пабачыла свет новая кніга прафесара з Гародні Аляксея Пяткевіча “Водгулле з маёй дарогі”. Кніга выйшла з друку з нагоды 90-годдзя сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, які свой юбілей адзначыў у канцы сакавіка.
Кніга ўспамінаў пісьменніка складаецца з трох частак – “Рухі жыцця”, “Асобы” і “Рэфлексіі”.
Раздзел “Рухі жыцця” – гэта своеасаблівая біяграфія аўтара кнігі, якая пачалася з мястэчка Новы Свержань на Стаўбцоўшчыне і дзясяткі гадоў працягваецца ў Гародні. Аўтар прыгадвае і маленства, і пачатак ліпеня 1944 года, і гады вучобы, і студэнцкія аўдыторыі, і працу ў Гарадзенскім універсітэце. Вельмі цікава чытаецца гэты раздзел – шчырае водгулле ўспамінаў пра перажытае і ўбачанае. Праўдзіва ў ім адлюстраваны вобразы яго калег, сяброў і знаёмых.
Другі раздзел “Асобы” – раздзел светлых успамінаў пра Зоську Верас, Васіля Быкава, Аляксея Карпюка, Ларысу Геніюш, Уладзіміра Караткевіча, Юльяна Сергіевіча, Анатоля Іверса, Апанаса Цыхуна і іншых вядомых асобаў Беларусі.
У раздзеле “Рэфлексіі” Аляксей Пяткевіч разважае пра наша жыццё, пра Гародню і Нёман, да якіх ён будзе вяртацца заўсёды, дзе б не быў.
Кніга ўспамінаў Аляксея Пяткевіча прыгожа аздоблена багатым фотаматэрыялам.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя