“Вогнепаклонніца” ад Іны Снарскай



Украінска-беларуская паэтка Іна Снарская прадставіла гарадзенцам зборнік  „Вогнепаклонніца”, які выйшаў у бібліятэчцы часопіса “Дзеяслоў”. Іна Снарская свае вершы ды прозу ў цэнтры гарадскога жыцця Гародні чытала некалькі гадзін, і прысутныя гарадзенцы доўга не хацелі яе адпускаць.

Чым адметны выступ у Гародні – кажа Іна Снарская:

– Я ўпершыню выступаю ў Гародні. Гэта мая даўняя мара – прыехаць у Гародню і выступіць тут. Гэты горад мне нечым нагадвае Львоў. Першая згадка пра Снарскіх якраз звязана з гарадзенскай зямлёй.

Для гарадзенскай паэткі Алы Петрушкевіч выступ Іны Снарскай быў вельмі шчымлівым:

– Яна паядноўвае Украіну і Беларусь. Незвычайна прыгожая жанчына. І вельмі моцная. Якая акрыленая яе душа! А яшчэ якая спакутаваная яе душа… Як у кожнага, хто жыве сёння ў краіне, бачыць гэты боль і дакранаецца да яго. Тым больш яна робіць такую важную сваю прафесійную справу – стварае фільмы, гаворыць, расказвае, піша пра гэтую страшную украінскую бяду.

Выступ Іны Снарскай для гарадзенцаў быў арганізаваны гарадзенскай філіяй Саюзу беларускіх пісьменнікаў. Плануецца, што ў наступным годзе Іна Снарская прыедзе ў Гародню, каб паказаць свае фільмы, якія яна зрабіла як журналіст ва Украіне.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня