Войцэх Каранкевіч прадставіў у Беластоку сваю чарговую кнігу пра Падляшша



Журналіст, пісьменнік, мастак Войцэх Каранкевіч прадставіў у беластоцкім клубе Zmiana Klimatu сваю кнігу „Не збірай яблыкаў з гэтага саду. Падарожжа да могілак, духаў і схаваных скарбаў Падляшша».

Аўтар апавядае ў сваім зборніку пра свае падарожжы па Падляшшы, выпадковыя сустрэчы з жыхарамі навакольных вёсак, паданні і легенды, якія яны яму расказвалі.

– Распавядаю ў кнізе пра ікону Святога Мікалая, якая з Нараўкі. Калі ікона падае знакі, калі ікона пачынае свяціцца нязвыклым святлом, усе ведаем, што гэта справа цуду. Усе ў Нараўцы гадалі, пра што гэтая ікона можа паведамляць. Сабраліся кабеты, абмяркоўвалі. І неўзабаве стала вядома, што ідуць людзі праз польска-беларускую граніцу, бежанцы. І не выключана, што Святы Мікалай даводзіў, што трэба тым людзям у нейкі спосаб дапамагчы.

Войцэх Каранкевіч – нарадзіўся і вырас у Беластоку, некаторы час жыў у Варшаве, Парыжы, Нью-Ёрку. Але, як сам прызнаецца, заўсёды вяртаўся ў Беласток, дзе адчувае сябе як найлепей. Па яго словах, хоць сам паходзіць з каталіцкай сям’і, але дзед быў праваслаўным.

Беларускае Радыё Рацыя