VOKA пакажа ў прамым эфіры тэатральную казку для дзяцей



6 лістапада відэасэрвіс VOKA пакажа ў прамым эфіры дзіцячы музычны дэтэктыў Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі «Таямніца чароўнага календара». Трансляцыя пачнецца а 12-й гадзіне па мінскім часе і будзе бясплатна даступная з любой кропкі свету.

Дата: 6-га лістапада.

Час: 12.00.

«Таямніца чароўнага календара» — спектакль рэжысёра Святланы Навуменка для маленькіх тэатралаў і іх бацькоў, дзе шмат музыкі, харэаграфіі і жывога вакалу, а таксама ёсць месца прыгодам і цудам. Героі гэтай гісторыі — мілыя лялькі, якія засталіся адны. Бо калі дзеці вырастаюць, цацкі становяцца нікому не патрэбнымі, але яны па-ранейшаму любяць сваіх гаспадароў. У адзіноце лялькі вымушаны жыць у жудасным месцы, дзе паўсюль чакае небяспека: на іх абвешчана паляванне. Але таямніца, схаваная ў чароўным календары, — гэта шанец на выратаванне.

Далучыцца да прагляду спектакля «Таямніца чароўнага календара» можна ў прыкладанні VOKA або на сайце voka.tv пасля аўтарызацыі па нумары мабільнага тэлефона. Шматкамерная мастацкая здымка ў высокай якасці дазволіць кожнаму гледачу максімальна паглыбіцца ў атмасферу тэатральнай залы і ўбачыць усё, што адбываецца на сцэне, з розных ракурсаў.

Прамы эфір 6 лістапада працягвае серыю трансляцый, якія відэасэрвіс VOKA праводзіць з Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. На працягу 30-га юбілейнага сезона маленькія гледачы змогуць бліжэй пазнаёміцца з тэатральным светам не толькі на паказах спектакляў, але і з-за куліс — паспрабаваць сябе ў ролі мастакоў, рэжысёраў і акцёраў як удзельнікі праекта «Су-Тварэнне».