Вокладкі беларускіх выданняў з БЧБ-сцягам і гербам “Пагоня”
19 верасня 1991 года Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусі 12-га склікання прыняў рашэнне аб гістарычнай сімволіцы Рэспублікі Беларусь. Бел-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня” сталі дзяржаўнымі.
Многія выданні Беларусі, найперш кнігі, календары, падручнікі, часопісы, сталі выдавацца з гербам “Пагоня” і бел-чырвона-белымі стужкамі.
У 1993 годзе Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі выпусціла першы том энцыклапедыі “Гісторыя Беларусі”. На вокладцы энцыклапедыі была адлюстравана Пагоня. І другі том “Гісторыі Беларусі” выйшаў з Пагоняй. А потым на іншых тамах нашага герба ўжо не было.
У гэтым годзе перавыдаецца “Кароткая гісторыя Беларусі” Вацлава Ластоўскага з Пагоняй на вокладцы.
Некаторыя падручнікі па гісторыі Беларусі для вучняў школ былі выдадзены вялікімі накладамі з бел-чырвона-белымі стужкамі на вокладках. З гербам “Пагоня” выдаваўся часопіс “Беларуская мінуўшчына”, а таксама былі аздоблены Пагоняй выданні “З гісторыяй на “Вы” (1994) , “100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі” (1993), “Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі” (1998), адрыўны каляндар “Родны край” на 1993 год і многія іншыя выданні.
У 1993 годзе для дашкольнага і малодшага школьнага ўзростаў Вінцук Вячорка выдае кніжку “Пра герб і сцяг” у выдатным афармленні Пятра Драчова. Наклад яе быў 90 тысяч асобнікаў. Пісьменнік Уладзімір Бутрамееў праз два гады паспявае выдаць прыгожую кнігу з Пагоняй на вокладцы “Вялікія і славутыя людзі беларускай зямлі” (1995).
Бел-чырвона-белы сцяг ці проста бел-чырвона-белыя стужкі былі на вокладках дзесяткі кніг. Сярод іх – “Людзі СБМ” (2006) Юры Туронка, “Беларусь пад нямецкай акупацыяй” (1993) таго ж Юры Туронка, “Сапраўднае аблічча” (1992) Зянона Пазьняка, “Гарадская геральдыка Беларусі” (1989)Анатоля Цітова, “Сто адрасоў свабоды” 2006) Вячаслава Ракіцкага, “Быкаў на Свабодзе” (2005), “Круг” (2006) Алеся Пашкевіча, “Ад Гарбачова да Белавежы” (2004) Юры Весялкоўскага і дзесяткі іншых выданняў.
Беларускае Радыё Рацыя