Вольга Емяльянчык: Гэтая музыка яшчэ побач, гэта не выдумкі фалькларыстаў



Сённяшні госць Беларускага Радыё Рацыя – кандыдат бiялагiчных навук, дацэнт кафедры гісторыі і турызму Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, кіраўніца фальклорнага гурта «Варган» – Вольга Емяльянчык.

Пра тое, якім выдаўся мінулы год для гурта «Варган», ці можна яшчэ адшукаць невядомыя даследчыкам фальклорныя песні і як захоўваць жывымі фальклорныя абрады ў рэгіёнах, – з Вольгай Емяльянчык паразмаўляў Алесь Аркуш.

РР: Закончыўся год, і можна ўжо падвесці вынікі леташняй дзейнасці вашага легендарнага фальклорнага гурта «Варган». Якім для вас быў гэты год?

Вольга Емяльянчык: Гэты год быў добры, плённы. Фальклорны гурт «Варган» прыняў удзел у вельмі сур’ёзных мерапрыемствах. У прыватнасці, па запрашэнні лідара гурта «Vuraj» Сержука Доўгушава фальклорны гурт «Варган» удзельнічаў ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця Другіх Еўрапейскіх гульняў. Мы як раз выступалі падчас шэсця каманд з розных краін. У мінулым годзе фальклорны гурт «Варган» прыняў таксама ўдзел у грандыёзным фестывалі, які ладзіцца ў Вільні. Фестываль называецца «Покровские колокола» і збірае ўдзельнікаў з розных краін Еўропы. Фестываль прысвечаны аўтэнтычнай музыцы. І ў фестывалі бяруць удзел гурты, якія працуюць менавіта ў аўтэнтычнай стылістыцы, у аўтэнтычнай манеры. І ўсе гэтыя пяць дзён, якія мы правялі ў Вільні, былі запоўненыя вельмі цікавымі канцэртамі. Канцэрты адбываліся на найлепшых канцэртных пляцоўках Вільні. І акрамя канцэртаў там праводзіліся вельмі сур’ёзныя майстар-класы, падчас якіх спецыялісты вельмі высокага ўзроўню, і з маскоўскай кансерваторыі, і з Гнесінскай вучэльні, а таксама спецыялісты з Кіева, з Літвы паказвалі методыку работы са студэнцкімі моладзевымі калектывамі, абменьваліся вопытам і разважалі ўвогуле на тэму далейшых перспектыў развіцця вось гэтай музыкі. Таму што ўсе калектывы, якіх сабраў фестываль, якія не робяць апрацовак, не робяць аранжыровак традыцыйнай музыкі.

РР: То-бок, гэта абсалютная аўтэнтыка.

Вольга Емяльянчык: Гэта імкненне вельмі дакладна перадаць тую магутнасць і сапраўдны дух аўтэнтычнай музыкі.

РР: Я нядаўна прачытаў, што лідар гурта «Стары Ольса» Зміцер Сасноўскі сказаў, што вось нам ужо 20 гадоў, а ты толькі нарэшце наблізіліся да таго, каб аўтэнтычна спяваць. Аўтэнтычна спяваць – што гэта значыць? На што арыентавацца? Ці гэта захавался? Ці гэта проста рэканструкцыя?

Вольга Емяльянчык: Нам прасцей, у адрозненні ад «Старога Ольсы», які займаецца аднаўленнем сярэднявечнай музыкі. Мы вывучаем жывыя запісы фалькларыстаў, этнографаў, этнамузыколагаў, якія былі зробленыя ў 60-70 гады. І працуем з сучаснымі экспедыцыйнымі матэрыяламі. Самі ладзім міні-экспедыцыі. І яшчэ, на шчасце, ёсць магчымасць пачуць сапраўдных носьбітаў традыцыйнай музыкі і пераняць іх манеру выканання.

РР: А што, і сёння можна знайсці новае, штосьці не запісанае раней? Можна знайсці штосьці такое?

Вольга Емяльянчык: Канешне. Па-першае, у мяне ёсць вельмі пазітыўны вопыт удзелу ў экспедыцыі супольна ўкраінска-беларуска-польскай на Століншчыну, на Палессе. І там спеўная традыцыя яшчэ жывая, паўнакроўная. Там яшчэ можна знайсці жанчын, якія спяваюць разам, спяваюць для сябе. А калі фальклорны гурт «Варган» рыхтаваўся да запісу свайго першага аўдыёальбома «Зялён явар, дуброва. Музыка Полаччыны», мы самі зладзілі шэраг міні-экспедыцый, і вельмі вялікую ролю ў папаўненні рэпертуару гурта «Варган» адыграла бабуля удзельніцы гурта «Варган» Ганны Лутовай Алімпіяда Міхайлаўна Шчарбакова, якая жыве ў вёсцы Шастова Полацкага раёна. І Ганна сама ездзіла некалькі разоў да бабулі запісваць песні. «Варган» аднойчы выбіраўся. Мы адмыслова з каляжанкай з Літвы пад’язджалі, і кожны раз яна выдае новыя і новыя песні. І гэтым песням я не знаходжу тэкставых аналагаў нідзе. І вельмі цікавыя музычныя версіі, меладычныя варыяцыі на тэму формульных традыцыйных напеваў. Такім чынам, гэтая музыка яшчэ побач з намі. І гэтыя людзі яшчэ побач, можна паехаць да іх дакрануцца, пераканацца, што гэта не фэнтэзі, што гэта не выдумкі фалькларыстаў, што гэта рэальная культура, якую людзі данеслі да нас праз пакаленні.

Цалкам размова:

Размаўляў Алесь Аркуш, Беларускае Радыё Рацыя

Фотаздымкі з Фэйсбука Вольгі Емяльянчык.