Вольга Каралёнак: Добра прайшло, таму будзем паўтараць



У Польшчы прэзентавалі дзіцячую пастаноўку, прысвечаную праблеме (не)паразумення паміж дзецьмі розных краін пасля рэлакацыі. Твор мае назву „Угу! Навіны лесу”, і быў паказаны ўжо ў Варшаве і Сопаце.

Пра тое, як спектакль успрынялі гледачы, а таксама як бацькам наладзіць добрую камунікацыю з маленькімі наш карэспандэнт паразмаўляла з „Госцяй Рацыі”, акторкай спектаклю, прадстаўніцай тэатральнай ініцыятывы „Дзея Другая” Вольгай Каралёнак:

РР: У чым асаблівасць пры стварэнні пастановак для дзяцей?

Асаблівасць у тым, што нельга маніць, яны гэтага не даруюць. Дарослыя ветліва перанясуць сваю ўвагу некуды ў іншы бок, а дзеці пакажуць, што ім нецікава. Трэба быць шчырымі, каб быць адкрытымі. Гэта ўсё трэба закладаць пры стварэнні матэрыялу і непасрэдна, калі граеш на сцэне, падтрымліваць гэты кантакт з дзецьмі. Гэта не складанасць, гэта асаблівасць. Мне больш падабаецца з працаваць з дзецьмі, як быццам ты адпачываеш, ты больш можаш быць сабой можа быць, чым у дарослым свеце. Таму гэта была такая мая мара, зрабіць штосьці для дзяцей. Я шмат грала для дзяцей у Беларусі, па дзіцячых садках, у тэатры, у іншых недзяржаўных тэатральных праектах, таму ёсць вялікі досвед. Зараз працую з дзецьмі, выкладаю анлайн. Хацелася гэта зрабіць, таму зрабілі.

РР: Як прайшлі прэм’еры ў Сопаце і Варшаве?

Так, гэта сумесны праект праект двух тэатраў: „Тэатру без назвы”, які знаходзіцца ў Гданьску, яго заснавала акторка з Гародні Ірына Купчанка і нашага тэатру „Дзея”, які зараз размяшчаецца ў Варшаве. Была прэм’ера на два гарады, дзве прэм’еры было. Усё прайшло ў месяцы жніўні, які нашы продкі аддавалі пад жніво, а цяпер аддаюць пад адпачынак. Таму на жаль было мала людзей, але прайшло добра, усе вельмі задаволеныя, падзякавалі. У Сопаце так было прыемна, падышла жанчына і шчыра кажа: „Дзякуй! Гэта такая выдатная казка, нам так спадабалася! Ды яшчэ на беларускай мове!”. Мы толькі на беларускай мове робім. Добра прайшло, таму будзем паўтараць.

РР: Распавядзіце пра саму пастаноўку.

Мы плануем паўтараць раз на месяц, ездзіць у Сопат і Варшаву ў кастрычніку і лістападзе. Будзем запрашаць. Сама пастаноўка нарадзілася з казкі, якую я прыдумала для дзетак, якім выкладаю анлайн. Гэта была маленькая казачка на паўтары старонкі, але яна падабалася дзецям. З яе дапамогай я тлумачыла, што трэба быць ветлівымі, як цяжка, калі ты не ведаеш нейкіх слоў. Прапанавала калектыву на падставе яе зрабіць спектакль, мяне падтрымалі. Я села пісаць тэкст, напісалася п’еса на дваццаць старонак. Так было тры песні, пасля мы далучылі чацвёртую песню. Вельмі файна пайшло. У нас выдатны кампазітар Ілля Семашкевіч, які піша вельмі розную музыку, але дзеці яе вельмі любяць. Мы напісалі з ім чатыры песні па маіх словах для гэтай казкі. Сюжэт гэтай казкі „Пугач і вавёрка”, як я жартую, „Угу! Навіны лесу” называецца казка. Жывёльны свет, але ўсё, як у людзей. У гэтым лесе ёсць карэспандэнтка вавёрка, якая паведамляе ўсім апошнія навіны. Ёсць жывёльны свет, жыхары лесу, такі соцыум, грамадства: бабёр, вуж, заяц, ліса, дзік, вожык. І ёсць адмоўны герой пугач. Ён жыве ў злавесным гушчары, той частцы лесу, якая нікому невядомая, дзе толькі драпежнікі, злачынцы хаваюцца. Ён там таксама жыве і ўсіх вельмі палохае. Самае страшнае адбываецца, калі ён вырываецца з гэтага гушчару, пужае, палохае ўсіх жыхароў крыкамі „Угу! Угу”. Яны разлятаюцца. Таму на нарадзе сейм лесу пастанаўляе, што трэба выдаць такі ўказ і забараніць пугачу выходзіць з гушчару, каб ён там і заставаўся. Вавёрка перадае гэту пастанову пугачу. Але далей усё атрымліваецца зусім не так, як мы думалі. Часам адмоўны герой таксама здольны на добрыя ўчынкі. Не, гэта не адмоўны герой, проста мы да іх так ставімся. Немагчымасць пугача размаўляць на той самай мове, а з-за таго, што ён жыве ў гушчары, не валодае гэтай звярынай мовай, ён развучыўся гаварыць, можа адказаць толькі „Угу, угу, угу!”. З-за гэтага яго не разумеюць, з-за гэтага атрымліваюцца непаразуменні. Вось такая праблематыка ў казцы, але ўсё скончылася добра.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

З актрысай спектаклю “Угу! Навіны лесу” Вольгай Каралёнак гутарыла Марына Савіцкая.

Беларускае Радыё Рацыя