Вольга Прусак: „Беларускай драматургіі бракуе сацыяльнага кантэксту”
Пра творчасць маладой літаратаркі з Віцебску можна пачуць самыя разнастайныя водгукі: ад захопленых “Гэта геніяльна!” да скептычных “Гэта ніколі не паставяць на беларускай сцэне!” І тым не менш, ні п’есы Вольгі Прусак, ні яе дакументальныя стужкі не пакідаюць гледачоў абыякавымі – пра іх спрачаюцца, іх абмяркоўваюць, іх імкнуцца ўбачыць. Дзве яе п’есы трапілі ў рэпертуар Беларускага Свабоднага тэатру, яшчэ некалькі былі адзначаны на міжнародных конкурсах. Тым часам дзяўчына працуе педагогам- арганізатарам у Беларускім тэатры “Лялька”, на сцэне якога нядаўна адбылася прэм’ера яе першай беларускамоўнай інсцэніроўкі. А яшчэ Вольга з’яўляецца сцэнарысткай і рэжысёркай некалькіх дакументальных кінастужак, прадэманстраваных на міжнародных кінафестывалях.
Незвычайныя героі, нетрывіяльныя жыццёвыя сітуацыі, вострыя тэмы, якія адлюстроўваюць праблемы сённяшняй рэчаіснасці – вось тое, што сёння варта паказваць беларускаму гледачу, лічыць Вольга Прусак:
– Шмат у каго з драматургаў, якіх я ведаю, не хапае сацыяльнага кантэксту – я не бачу там нічога актуальнага, нічога жывога. Таго, што дрыжыць унутры, і што ў грамадстве ўнутры дрыжыць! Ніякіх грошай мне не трэба, вось дзеля гэтага ўсё раблю – каб абудзіць людзей, мазгамі і сэрцам.
Вольга Прусак выводзіць на сцэну Сталіна і Мейерхольда, беларускіх гастарбайтэраў і маці Аляксандра Лукашэнкі, людзей, хворых на анкалогію і людзей з досведам псіхічных хваробаў, трактарыстаў, мастакоў і беспрацоўных. Такі зрэз грамадства кагосьці шакуе, кагосьці бянтэжыць, кагосьці змушае задумацца…
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск