Вольга Роўная. Масква-Менск-Паўночныя Афіны



Лета – час падарожжаў і адкрыццяў, час, калі лёгка пішуцца вершы і бліжэйшымі здаюцца зоры. Пра ўсё гэта разам, а таксама пра стаўленне да жыцця і малой радзімы, пра адрозненні паміж Менскам і Масквой-Падмаскоўем, дзе яна цяпер жыве, размаўляем з аўтаркай кнігі паэзіі “Глоток свежего воздуха”, літаратаркай, паэтэсай-песеннікам і астролагам Вольгай Роўнай.

РР: Як яны адрозніваюцца – Менск і Масква? Як ты на ўзроўні энергетыкі пачуваешся тут і там?

Вольга Роўная: Менск больш еўрапейскі, тут я адчуваю чысціню, інтэлігентнасць… Масква за апошнія дзесяцігоддзі стала гандлёвай… Вялікі наплыў людзей – там стала цяжка жыць і дыхаць… А ў Менск я прыязджаю адпачнуць душой! Прыязджаю так сама, як бы прыехала ў Варшаву, Вільню ці Парыж…Палюбавацца архітэктурай, восенню… Дарэчы, заўжды наведваю Батанічны сад… А чысціня – гэта, праўда, важна. Важна не бачыць горы пластыку ля метро або зараснікі баршчавіку нават у заможных катэджных пасёлках пад Масквой. Гэта вельмі прыемна, гэта пачынаеш шанаваць…

РР: Ведаю, што кожную восень ты прыязджаеш у Залессе на баль…

Вольга Роўная: Так, ужо традыцыйна напрыканцы верасня адбываецца баль у стылі 19 ст., прысвечаны дню народзінаў кампазітара, палітыка і дыпламата М. К. Агінскага. Своеасаблівы рытуал: сабрацца, пашыць сукенку і прыехаць з Масквы ў Паўночныя Афіны на баль… Вельмі цікавая праграма: танцавальныя майстар-класы, а потым непасрэдна паланэзы, полькі, мазуркі… Адпаведны дрэс-код. Двубоі. Карты… У гэтым годзе я нават згуляла ў віст і выіграла!

РР: Ты шмат працуеш… Вершы, песні, майстар-класы, кансультацыі, масаж крышталямі… Раскажы, як паэзія сумяшчаецца з астралогіяй і як гэта “экзатычныя” прафесія ў тваім жыцці ўзнікла?

Вольга Роўная: Думала не раз пра ўсё гэта… Філфак педагагічнага замест журналістыкі або прыкладной матэматыкі, пра якія думала ў выпускных класах… Беларуская і польская мова, крыху настаўніцтва, паэзія, музыка… Напэўна, я з дзяцінства хацела зразумець, як чалавек шукае і знаходзіць сябе, свой лёс, сваю прафесію… Самарэалізацыя. Псіхалогія і астралогія падаюцца мне сродкам знайсці саміх сябе. Прывёў лёс!

РР: Паэзія і астралогія ўжываюцца ў тваім жыцці цяпер?

Вольга Роўная: Так, ужываюцца, але зараз я пішу астралагічныя прагнозы штодзень, таму імпэту на вершы і тэксты не хапае. Хачу вярнуцца да свайго стылю “ўражанні дня” і пісаць замалёўкі ў стылі імрэсіянізму.

РР: Астрологія – навука дакладная? Трэба праводзіць нейкія вылічэнні, каб разлічыць прагноз?

Вольга Роўная: У наш час астралагічныя карты выбудоўваюць кампутары – іх не трэба вымалёўваць і разлічваць ад рукі… Не маю зборніка эфемерыд – я з новага пакалення астролагаў! Усё разлічвае кампутар, а я гляджу на карту і апісваю настроі і тэндэнцыі дня ў метафарычнай форме. Астралогія для мяне хутчэй не навука, а мастацтва… Бо я спрабую, ведаючы кола сваіх чытачоў, даваць новую гуманітарную інфармацыю і сеяць разумнае, добрае, вечнае…

РР: То бок застаешся крыху настаўнікам?

Вольга Роўная: Так, ёсць такі – трохі дыдактычны! – стыль…

РР: Вернемся да паэзіі… Адна справа – вершы, другая – тэксты для песень. З кім з расейскіх і беларускіх зорак ты працуеш? Для каго хацела б напісаць песню?

Вольга Роўная: Думала пра гэта… Але цяпер часцей пішу менавіта вершы. Хачу свабоды – у мяне перыяд валявых нотак і нежаданне адаптавацца да чужога матэрыялу… Хачу выразіць свае думкі. Хацелася б паспрабаваць супрацоўнічаць з новымі выканаўцамі… З маладымі папрацаваць. Было б цікава напісаць песні для мультфільма, папрацаваць з дзеткамі. Хочацца цэльных сюжэтаў.

РР: Ці хацела б напісаць песню для нейкага беларускага рок-гурта?

Вольга Роўная: Зазвычай там музыку і тэксты піша адзін чалавек… Напэўна, гэта ідэальна, але так, я б паспрабавала пры нагодзе. Дарэчы, у мяне ёсць адна песня на беларускай мове – для гурта “Залесянка”, дзе спявае мая мама…

РР: Што цябе радуе і засмучае ў Беларусі, у Залессі?

Вольга Роўная: О, Залессе цяпер пераўтварылася ў нейкія Нью-Васюкі – проста культурніцкі цэнтр! Сяджу я ў сваім Падмаскоўі з сабакамі, катамі і кветкамі, а дома віруе свецкае жыццё: то Фінберг, то баль… Паўночныя Афіны вярнуліся…І людзі дбваюць пра свае сядзібы – гэта мне вельмі імпануе! Канечне, пэўны застой і планавая эканоміка засмучаюць.

З госцем “Рацыі” перад чарговым яе авантурным падарожжам і падчас наведвання Залесся на Смаргоншчыне размаўляла Дар’я Ліс.