Вольга Шніп: 4 жніўня запрашаю наведаць нашую выставу ў Беластоку ў „Не-тэатры”



Сёлета напачатку ліпеня ў Беластоку паўстаў „Дом творцаў”. У першую рэзідэнцыю сюды запрасілі мастакоў. Яны паўдзельнічалі ў фестывалі «Тутака», а таксама напісалі шэраг карцін, якія будуць паказаныя на выставе ў Беластоку.

Сённяшні Госць Рацыі – куратарка мастацкай рэзідэнцыі ў Беластоку Вольга Шніп. З ёй паразмаўляў Алесь Аркуш.

РР: Як гэтая ідэя мастацкай рэзідэнцыі нарадзілася? Ці былі ў Польшчы падобныя беларускія рэзідэнцыі апошнім часам?

Вольга Шніп: Ад «Дома твораў», які быў заснаваны ў Варшаве, ужо было некалькі рэзідэнцый – тэатральная, мастацкая, музычная. Але гэта было ў мінулым годзе. Цяпер мы вырашылі зноў такую тэму падняць, таму што для нас гэта вельмі важна. І чаму Беласток? Таму што як раз тут адбываўся фестываль «Тутака». Ну і яшчэ мы вырашылі змяніць фокус з Варшавы на іншыя гарады.

РР: Я ведаю, што вы паўдзельнічалі ў фестывалі «Тутака».

Вольга Шніп: У нас адбылася там невялічкая імпрэза. Мы рабілі разам з нашымі таленавітымі мастакамі адмысловыя інсталяцыі, карціны, можна сказаць, упрыгожылі фестываль сваімі працамі і ўсім гледачам, тым, хто прыйшоў і хто жыў на фестывалі, нагадалі нашыя знаёмыя месцы ў Менску, нагадалі родныя фарбы. Вырашылі выказаць наш боль, а з другога боку нашу любоў да Менску, асабліва 20-га года.

РР: У вас была нейкая агульная тэма? Тут было досыць шмат мастакоў, ці працавалі яны над нейкай агульнай тэмай?

Вольга Шніп: Так, у нас была агульная тэма, агульны праект, над якім усе працавалі. Гэта такія эмацыйныя карціны. Можна выкарыстаць назву «эмацыйны зрух», калі кожны з нас пераасэнсоўвае свае эмоцыі і хоча іх паказаць не ў сабе, як ён гэта адчувае, а як бы аддзяліўшы іх ад сябе. Але мастакі рабілі і абстрактныя працы, таму што гэта таксама эмацыйны паток. Ну і яшчэ. Мы рыхтуем выніковую выставу, яна будзе называцца «Выклік», і там можна будзе пабачыць, як усё ў нас аб’яднанае ў сістэму нейронных сувязяў паміж сабой.

Цалкам размова:

Выніковая выстава мастацкай рэзідэнцыі адбудзецца 4 жніўня ў Беластоку ў выставачной прасторы „Не-тэатра”. Пачатак 18.00.

Беларускае Радыё Рацыя