Вольга Якубоўская: Карцінамі я выказваю і свой боль, і сваю салідарнасць, і сваю пазіцыю
Гэтую мастачку, якая раней была вядомая пераважна як ілюстратарка дзіцячых кніг, сёння ведаюць далёка за межамі Беларусі. І ведаюць не толькі беларусы, якія былі вымушаны з’ехаць са сваёй краіны пасля 2020 года.
Вольга Якубоўская, якая нарадзілася ў Расеі і прыехала ў Беларусь ужо ў сталым ўзросце, набыла тут сваю новую радзіму і цяпер сваім абавязкам лічыць падтрымліваць тых, хто за праўду і справядлівасць. Шырока вядомая яе серыя карцін пра беларусаў «коцікаў»-змагароў.
Пра тое, як нарадзіўся гэты праект, мы паразмаўлялі з мастачкай.
РР: Гэты год быў плённы для цябе. Было шэраг выставаў. І гэтыя выставы былі досыць гучныя. Пра іх шмат пісалі, гаварылі.
Вольга Якубоўская: На самой справе я да сваіх выставаў адношуся як да магчымасці сказаць пра тое, што адбывалася і зараз адбываецца ў Беларусі. Таму што, наколькі я магу меркаваць, многія людзі за мяжой не цікавіліся нашай павесткай. У 2020 годзе, сапраўды, увесь свет казаў пра Беларусь, але ў нас нічога не закончылася. І гэта вельмі страшна. І я імкнуся сваімі выставамі выклікаць увагу да нашай тэмы.
РР: Добра вядома, што ў большасці тваіх карцін героі – гэта рэальныя людзі. Як ты гэтых герояў выбіраеш, шукаеш, знаходзіш?
Вольга Якубоўская: Усё спантанна атрымліваецца. Я разумею, калі я буду маляваць толькі палітвязняў, то не хопіць і жыцця. Таму што я даволі доўга працую, не імгненна. Два-тры дні, калі я дакладна ведаю сюжэт. З героямі па-рознаму бывае. Бывае адбылася нейкая падзея. Напрыклад, пра Алеся Пушкіна, я не магла міма гэтай трагедыі прайсці. То бок, ёсць такія здарэнні, якія немагчыма абмінуць. Мне часам пішуць людзі, у якіх забралі родных, і просяць мяне іх падтрымаць. Я заўсёды іду насустрач. Таму што, калі я ведаю, што чалавеку гэта дапаможа, або дапаможа яго родным, гэта ўжо добра. А як па-іншаму. Таму што нічога не завяршылася. Жорсткасць, па-мойму, толькі павялічваецца. І гэта вельмі страшна. Я бы вельмі хацела гэта спыніць. Але гэта, на жаль, не ў маіх сілах. Але я магу хаця б у такі спосаб людзей падтрымліваць. І буду гэтым займацца далей.
РР: А як сама ідэя нарадзілася? Я цябе перадусім ведаў, як ілюстратарку дзіцячых кніжак. І гэтая ідэя пра «коцікаў». Яна спантанна нарадзілася? Як гэта ўвогуле адбылося?
Вольга Якубоўская: Я і раней малявала «коцікаў». А калі я пачула на маршах, як гаварылі, што беларусы «коцікі», але ў іх ёсць кіпцікі. Мне гэта спадабалася. Неяк мы ўсе былі на адной хвалі. І я спадзяюся, што мы з людзьмі, якія не змірыліся, застаёмся на адной хвалі. Пасля падзеяў 2020 года ў кожнага было такое пачуццё, што збілі таксама і цябе асабіста, і ты ніяк не можаш гэтаму супрацьстаяць. І на выхадзе былі боль і крык. Асабіста ў мяне быў такі стан, што я не ведала, чым я далей буду займацца. Я думала, што я больш ніколі не буду маляваць. І падзеі такім комам накочваліся. І ты разумеў, што паціху вар’яцееш. І не разумееш, што табе рабіць і як жыць далей. І ў нейкі момант я зразумела, калі я зараз не пачну маляваць, то я не збяруся потым ніколі ў нешта адзінае цэлае. Я прымусіла сябе сесці і пачаць маляваць. А «коцік» для мяне самае простае, што я магу намаляваць.
РР: Гэта з дзіцячых кніжак.
Вольга Якубоўская: Так. Я магу яго намаляваць з заплюшчанымі вачыма. І думаю, намалюю хаця б ката. І вось я малюю, а навіны не спыняюцца. І я бачу ў стужцы навінаў фотаздымак, на якім ідзе Ніна Багінская, вакол шэраг такіх здаровых «дзядзек». І ідзе наша Ніна са сцягам. А я малюю белага «коціка» на шэрай паперы. І я разумею, вось ён ідзе «коцік», наша Ніна, а шэрая сцяна – шэрыя, злыя амонаўцы. У мяне на кантрасце нарадзілася ідэя ваўкоў. Ваўкі вельмі добрыя, высакародныя жывёлы. Я гэта добра разумею. Але ў той момант у мяне спрацавала дзіцячая казка: воўк кепскі, а коцік або зайчык добры. Ваўкі на самой справе ў параўнанні з тымі, каго я маю на ўвазе, вельмі добрыя.
РР: А колькі ўвогуле карцін намалявана з гэтай серыі?
Вольга Якубоўская: Каля 200 прац. У мяне, насамрэч, ідэяў больш. Проста я не заўсёды хутка працую. Розныя абставіны не даюць мне працаваць у тым тэмпе, у якім я малявала ў 2020 годзе. Але жыццё працягваецца. Трэба жыць. Аднак я лічу, што буду займацца гэтым далей, нягледзячы ні на што. Нават калі аднаму чалавеку я змагу дапамагчы сваімі работамі, то я абавязкова буду маляваць і працягваць гэтую серыю.
РР: А няма такой ідэі аб’яднаць усе гэтыя працы ў адмысловы мастацкі альбом?
Вольга Якубоўская: Гэта мая мара. І не проста ўсе гэтыя працы выдаць альбомам. У кожнай работы ёсць свая гісторыя. І самае цікавае, што гэтыя гісторыі калі-некалі пераплятаюцца. І бываюць такія рэчы, калі я раблю нейкую работу, выкарыстоўваючы нейкі верш, на які я натрапіла ў інтэрнэце, а затым аказваецца, што гэты верш чалавека, якога я ведаю. Гэта такі падарунак і так дзіўна. Усё не выпадкова насамрэч.
Цалкам размова:
Вольга Якубоўская нарадзілася ў Карэліі, росла на Урале, дзе вучылася ў мастацкай вучэльні, нейкі час жыла ў Крыме. А ў 1989 годзе прыехала жыць і працаваць у Беларусь.
«Я ўрасла ў гэтую зямлю каранямі і лічу, што гэта мая другая радзіма, – кажа мастачка. – Таму для мяне балюча тое, што сёння адбываецца ў Беларусі, і я мастацкімі сродкамі выказваю і свой боль, і сваю салідарнасць, і сваю пазіцыю».
Беларускае Радыё Рацыя