Volski едзе ў тур па Польшчы з прэзентацыяй новага праекта EMIHRANTY



Восенню ў Польшчы адбудзецца прэзентацыя музычнага праекта EMIHRANTY. Пра гэта напісаў у сваім тэлеграм-канале Лявон Вольскі.

“Гэты момант надышоў! Ідэя выспявала даўно і вынікае з цяперашняй рэчаінасці сама сабою — “Эмігранты”, наш новы праект, які ўяўляе з сябе нізку з 21-ой песні, што распавядае пра жыццё беларусаў у эміграцыі. У праекце героі вандруюць па свеце, уладкоўваюцца на новых месцах, пераймаюцца, сумуюць, лекуюцца, тэлефануюць родным у Беларусь, прыгадваюць былое і спадзяюцца на вяртанне”, — распавёў музыка.

У праекце ўзялі ўдзел шэраг музыкаў. Рэліз праекта запланаваны на 14 верасня. А ў кастрычніку можна будзе патрапіць на канцэрт у наступных гарадах: Варшава, Гданьск, Познань, Вроцлаў, Кракаў і Беласток. Квіткі ёсць у продажы.