Воля Дземка: Вельмі захацелася паказаць, якія ў нас крутыя беларускія строі
„Традыцыйныя строі ў Беларусі” – такі альбом выйшаў у ЗША. Аўтар – беларуска, рэжысёрка, этнограф, лідар гурта VOLYA Воля Дземка. Як нарадзілася ідэя і ў што яна пераўтварылася, распавяла наша сённяшняя Госця Рацыі ў гутарцы з Алісай Поль.
РР: Давайце распавядзём перадгісторыю гэтай вашай працы. Як нарадзілася ідэя? З чаго яна склалася?
Воля Дземка: Альбом «Беларускі народны строй» – гэта арганічны вынік усёй гэтай працы, якую я рабіла дагэтуль. Тут так проста «з каня» не раскажаш, бо трэба крышачку расказаць тое, што недзе тры з паловаў гадоў таму мне паставілі вельмі непрыемны дыягназ. У мяне вельмі агрэсіўнае антыімуннае захворванне, якое патрабуе пастаянныя хімія-тэрапіі, нейкіх дыягназаў, лекаў, і, на жаль, апошнія колькі гадоў яно мяне проста фізічна выбіла з усяго нармальнага жыцця. І паколькі я зараз сябрую з ложкам больш, чым я сябрую з нармальнымі людзьмі, ложак харошы, але ўсё ж такі людзей люблю больш, то я пачала займацца тым, чым я магу займацца без таго, каб кудысьці лётаць, па нейкіх экспедыцыях, нешта здымаць, нешта рабіць такое, што патрабуе большых фізічных высілкаў. І я пачала рэстаўраваць тыя строі, якія ў мяне ёсць. Строі я пачала збіраць спачатку для нашага гурта VOLYA, які ў нас існуе ў Сіэтле з 2009 года. Мы спяваем. І вельмі хацелася на сцэне паказаць, якія ў нас ёсць крутыя беларускія строі. І я не тое каб наўмысна пачала збіраць гэтыя строі, а проста нешта шукала ў інтэрнэце. Аднойчы я знайшла нашу неглюбскую кашулю, якая была пазначана як рускае плацце. І гэта прамінуць я ніяк не здолела. Адразу мы яе выкупілі. І паколькі я гэтым займаюся ўжо доўгі час, яно проста «накапала». Неяк спачатку я вельмі хацела паставіць нашую калекцыю на якую-небудзь выставу, можа ў нейкі музей. Але проста прыйсці з анучачкамі ў музей – гэта не варыянт. Трэба іх прадставіць больш прыстойна. Таму спачатку выйшаў першы альбом з беларускімі строямі. Там было ўсяго 50 старонак. Ён вельмі прыгожы. Мне ён вельмі падабаецца. Але пакуль у мяне ішла праца над першым альбомам, я дазбірала яшчэ пэўную колькасць іншых рэчаў – менавіта поўныя камплекты з іншых рэгіёнаў. І стала зразумела, што першым альбомам мы ніяк не абыдземся. І я пачала працаваць над другім альбомам.
Цалкам размова:
Азнаёміцца з творчасцю Волі Дземкі ды атрымаць больш падрабязную інфармацыю пра сам альбом можна на старонцы.