«Восеньскі салон» з Белгазпрамбанкам» – 2019



Гэтая падзея за апошнія гады стала адной з самых гучных у культурным жыцці Беларусі. «Восеньскі салон» з Белгазпрамбанкам». На адкрыццё выставы з такой назвай у менскім Палацы мастацтва збіраецца сотні гледачоў. 

Праект прадстаўляе творы маладых беларускіх мастакоў, якія працуюць у разнастайных відах і тэхніках выяўленчага мастацтва (жывапіс, графіка, фатаграфія, скульптура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і інсталяцыя).

Спачатку арганізатары аб’яўляюць пра прыём заявак на ўдзел у выставе. У 2019 годзе было пададзена 430 заявак. Для параўнання, колькасць заявак у 2015 годзе склала 288, у 2016 – 311, у 2017 – 320, а у 2018 – 456. Кожны аўтар можа падаць у заяўцы да пяці работ, таму чальцы журы разгледзелі некалькі тысяч твораў. Усяго прафесійнае журы адабрала працы 152 аўтараў. У гэтым годзе ўдзел у праекце прыме больш дзесяці галерэй з розных рэгіёнаў Беларусі, напрыклад: Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва і новая гарадская прастора «Кансерва», якая адкрылася ў Берасці ў верасні гэтага года.

Чальцамі журы ў гэтым годзе з’яўляюцца мастацтвазнаўцы, куратары і дырэктары мастацкіх інстытуцый з Чэхіі, Літвы, Расеі і Украіны.

Выстава ў менскім Палацы мастацтва будзе працаваць да 3 лістапада.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Таццяны Козік