“Вожык” будзе выходзіць на старонках “ЛІМа”
Выйшаў з друку перадапошні лістападаўскі нумар беларускага часопіса сатыры і гумару “Вожык”. Яшчэ выйдзе з друку снежаньскі нумар і больш “Вожык” выдавацца не будзе. Як паведамляецца ў звароце да чытачоў у лістападаўскім нумары, “Вожык” будзе выдавацца на старонках штотыднёвіка “Літаратура і мастацтва”. Так, як напрыклад, была знішчана газета “Чырвоная змена” і цяпер – гэта пару старонак у газеце “Звязда”.Няма даўно “Чырвонай змены”, не будзе і “Вожыка”.
Часопіс “Вожык” – гэта наша гісторыя літаратуры і мастацтва. Яму пашчасціла, што на чале часопіса ў ваенныя і пасляваенныя гады быў такі майстар смеху, як Кандрат Крапіва. Усё лепшае, што напісалі беларускія пісьменнікі на ніве сатыры і гумару, прайшло праз “Вожык”. Нават першая кніжка ў жанры сатыры і гумару Васіля Быкава “Ход канём” была надрукавана ў бібліятэчцы “Вожыка”. Дарэчы, бібліятэчка “Вожыка” выдавалася з 1957 года. У бібліятэчцы друкаваліся кнігі Пімена Панчанкі, Максіма Танка, Янкі Брыля, Ніла Гілевіча, Рыгора Барадуліна, Янкі Сіпакова, Паўла Місько і многіх-многіх іншых.
Давайце прыгадаем, напрыклад, напрыканцы 1980-х гадоў выданне ў бібліятэчцы “Вожыка” “Сказа пра Лысую гару” Францішка Вядзьмака-Лысагорскага. Гэта мы цяпер ведаем, што аўтарам “Сказа…” з’яўляецца Ніл Гілевіч. А тады аўтарам быў невядомы Вядзьмак-Лысагорскі. Рэдагаваў “Вожык” у той час найвыдатнейшы беларускі пісьменнік і чалавек Валянцін Блакіт (1938-2007). Дзякуючы Валянціну Уладзіміравічу, надрукавалі “Сказ пра Лысую гару” 30-тысячным накладам. І поспех выдання быў фенаменальны: за адзін дзень разыйшоўся ўвесь тыраж. А чытачы пачалі пісаць у “Вожык”, тэлефанаваць, нават пагражаць, чаму “Сказ…” надрукаваўся малым накладам. І тады рэдактар Валянцін Блакіт вырашае надрукаваць дадатковы наклад у 100.057 экземпляраў, каб хапіла ўсім, каго гэта паэма зацікавіла.
У 1992 годзе ў Мінску выходзіць літаратурны зборнік “Вожык смяецца”, куды ўвайшлі лепшыя творы “вожыкаўцаў” за 50 гадоў. На 500 старонках выдання, былі надрукаваны вершы, п’ескі і апавяданні, пачынаючы ад Петруся Броўкі, Анатоля Астрэйкі, Кандрата Крапівы, Якуба Коласа, Максіма Танка і тых аўтараў, хто друкаваўся на старонках “Вожыка” у 1980-1990-х гадах. А гэта Сяргей Грахоўскі, Ніл Гілевіч, Уладысь Цвяткоў, Васіль Гігевіч, Георгій Марчук, Георгій Юрчанка, Алесь Петрашкевіч і дзесяткі іншых пісьменнікаў.
І хоць у апошнія гады наклад выдання значна зменшыўся, тым не менш пра “Вожык” беларусы ведалі, чыталі яго, любілі і ўсміхаліся. “Вожык” заўсёды натхняў людзей на жыццё, ён ніколі не губляў сваёй надзённасці, хаця і шмат каго крытыкаваў, высмейваў, турбаваў. Але цяпер, відаць, у нашай краіне не да смеху і жартаў. Наш любімы “Вожык” смяяцца ўжо не будзе.
Альжбета Руніцкая, Беларускае Радыё Рацыя