Вучэбны год пачаўся з гістарычнага квэсту
Вучні 6-9 класаў СШ № 2 горада Слоніма новы навучальны год 1 верасня пачалі з гістарычнага квэсту “Па слядах Міхала Казіміра Агінскага”.
Школьнікі разам з настаўнікамі наведалі гістарычныя мясціны Слоніма, звязаныя з дзяржаўным дзеячам Рэчы Паспалітай Міхалам Казімірам Агінскім (1730-1800).
Падчас квэсту вучні і настаўнікі пабывалі ў былой ратушы, пабудаванай з цэглы ў другой палове XVIII стагоддзе, дзе цяпер знаходзіцца раённая бібліятэка і музей кнігі. Наведалі госці краязнаўчы музей, канал Агінскага, прайшліся па вуліцы Опернай, па якой артысты спяшылі ў свой тэатр Агінскага, а таксама пахадзілі па будынку былой аўстэрыі.
Запамятаецца квэст школьнікам і настаўнікам ад наведвання Слонімскага драматычнага тэатра. Іх шчыра вітаў у тэатральным дворыку сам “Леў Сапега” і павіншаваў усім з пачаткам новага навучальнага года. А потым усе разам ажыццявілі экскурсію па тэатры, які да сённяшніх дзён працягвае традыцыі, якія XVIII cтагоддзі пачаў Міхал Казімір Агінскі.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара