Вуліца Караткевіча ў Воршы
Днямі грамадства ўскалыхнула навіна, што на продаж выстаўлены дом Уладзіміра Караткевіча ў Воршы. Мы вырашылі распавесці пра вуліцу ў Воршы, на якой месціцца дом Уладзіміра Караткевіча, дзе ён напісаў „Дзікае паляванне Караля Стаха”.
Вуліца Караткевіча – 10 – дом, дзе прайшлі юнацкія гады Уладзіміра Караткевіча.
Вуліца Караткевіча – гістарычны цэнтр Воршы. Вуліца шмат разоў мяняла назву – у 19-ым стагоддзі была Паштовай, пасля пабудовы бровара – Піваваранай, у 20-ыя гады 20-га стагоддзя мела імя Усевалада Ігнатоўскага, пасля – Клімента Варашылава, падчас Другой Сусветнай вайны – зноў Півавараная – толькі па-нямецку, пасля вайны – зноў Варашылава, яшчэ пазней Касманаўтаў, а ўжо вуліцу Касманаўтаў перайменавалі ў вуліцу імя Уладзіміра Караткевіча. Гаворыць журналістка Алена Сцяпанава (Танана), якая ў 80-ыя гады была актыўнай удзельніцай арганізацыі „Повязь”: „Была цэлая грамадская кампанія! І грамадскасць Воршы патраціла не адзін год, каб гарадскія ўлады пагадзіліся ўшанаваць памяць пісьменніка-земляка, а не касманаўтаў, якія „а што, яны над Воршай праляталі”, – так сказаў нехто з „айцоў горада” у палеміцы з мастацкай інтэлігенцыяй. Некалькі год ішло змаганне за назву гэтай вуліцы, гарвыканкам закідвалі калектыўнымі і індывідуальнымі лістамі. А перайменавалі нарэшце ў 1988-м у дзень народзінаў Караткевіча, і адчынілі адразу шыльлу на рагу вуліцы. Была імпрэза на гэтым месцы, прыязджала сястра Караткевіча і мноства пісьменнікаў, у тым ліку Уладзімір Арлоў. Каб грамадскасць не настоіла, не было б ніякага „перайменавалі”.
Панадворак дома бацькоў Уладзіміра Караткевіча
На падстрэшку гэтай гаспадарчай пабудовы малады Уладзімір Караткевіч напісаў аповесць „Дзікае паляванне Караля Стаха”.
Гарэльеф – Уладзімір Караткевіч на былым будынку адміністрацыі Аршанскага піўзавода, а цяпер лабараторыі „Сінево”.
Знак пачатку дарог на перакрыжаванні вуліцы Леніна і Караткевіча – адзначана адлегласць – да Масквы, да Віцебска, да Смаленска і Менска.
Славуты Аршанскі піўзавод у руінах – цяпер тут будуюць нешта – ніхто дакладна не ведае, што.
На вуліцы Караткевіча ў Воршы месціцца гарадскі радзільны дом.
Царква святога Леаніда – на перакрыжаванні вуліцы Караткевіча і вуліцы Леніна.
Вуліца Караткевіча, дом 5 – швейная фабрыка „Нить” і яе фірмовая крама.
А завяршаецца вуліца Караткевіча маляўнічым спускам да Дняпра.
Беларускае Радыё Рацыя