Вячаслаў Чамярыцкі: Польскія калегі дапамаглі даказаць сапраўднасць «Хронікі Быхаўца»
У Нацыянальнай бібліятэцы ў Менску адбылася анлайн-сустрэча пра лёс і ролю беларускіх летапісаў і рукапісаў у гісторыі Беларусі.
Кропку ў даўнім пытанні аўтэнтычнасці агульнадзяржаўнага зводу ВКЛ, вядомага, як «Хроніка Быхаўца», паставіў даследчык старажытнай беларускай літаратуры, кандыдат філалагічных навук Вячаслаў Чамярыцкі:
– Недарэчна гаварыць, што гэта фальсіфікат. Былі надрукаваны літоўскімі даследчыкамі знойдзеныя пісьмы Нарбута пра тое, што перасылалі гэты рукапіс, што ён існаваў сапраўды, гэта дакладна ўстаноўлена. Некаторыя сумняваліся. Але так падрабіць немагчыма. Такой мовай пісаць, так дакладна, з такімі дэталямі. Нядаўна знойдзена частка тэксту «Хронікі Быхаўца», іншы спіс, у Польшчы, у Кракаве. Ужо апублікаваны.
Таксама даследчык Чамярыцкі выказаўся за паўнавартаснае ўжыванне тэрміну «беларускі летапіс» у адносіне да гістарычных дакументаў ВКЛ 13-17 стст.:
– Гэтыя летапісы былі напісаны на тэрыторыі Беларусі, пераважна беларускімі летапісцамі. Пра дзяржаву, якая існавала на нашай тэрыторыі. Напісаны на нашай мове. Славуты гісторык, патрыёт Украіны Грушэўскі казаў, што калі гаварыць пра гэтую мову, пра гэтую дзяржаву, то яна была больш беларускай. Даследчык Ян Якубоўскі казаў, што чытаючы «Хроніку Быхаўца», быццам бы слухаеш мову сучаснай Беларусі. Рэальна хронікі пісаліся, канешне, на тэрыторыі Беларусі – Смаленск, Слуцк і ў сталіцы Вільні. І распаўсюджваліся, і перапісваліся.
Па словах Вячаслава Чамярыцкага, вялікая частка беларуска-літоўскіх летапісаў была страчаная ў выніку войнаў і культурных чыстак, ацалелыя манускрыпты ў большасці не захаваліся цалкам.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя