Вячаслаў Швед прадставіў „Рэквіем паўстанцам”
У апошні дзень верасня ў гарадзенскім Цэнтры гарадскога жыцця вядомы гісторык Вячаслаў Швед прэзентаваў сваю новую кнігу – “Рэквіем паўстанцам 1863-64 гг”. Вечарына сабрала больш трох дзясяткаў прыхільнікаў гістарычнай даўніны. Даследчык прадставіў працу, якая ахоплівае падзеі і асобы вызвольнага паўстання на тэрыторыі даўняй Гарадзенскай губерні.
Кніга выдавалася нетыповым шляхам – сродкі на яе збіраліся па Беларусі “ўсім мірам”. Галоўным арганізатарам такога збору стала ведамая юрыстка Вольга Сямашка. Некаторыя з ахвярадаўцаў на выданне атрымалі кніжкі непасрэдна ў час прэзентацыі і з подпісам аўтара.
Пасля выступу аўтара кніжкі і адказаў на пытанні, некалькі песень на паўстанцкую тэматыку выканаў ведамы гарадзенскі рокер Алесь Дзянісаў, якраз выпускнік гістарычнага факультэта, дзе шмат гадоў выкладаў прафесар Вячаслаў Швед.
Прысутныя на прэзентацыі прыйшлі да высновы, што тэма паўстання 1863 года патрабуе і надалей дэталёвага вывучэння і асэнсавання, а даследаванне мінуўшчыны не можа быць абсалютна аб’ектыўным і незаангажаваным. За апошнія дзесяць гадоў у беларускай гістарыяграфіі з’явілася нямала новых выданняў, прысвечаных Кастусю Каліноўскаму і вызвольнаму чыну 19-га стагоддзя. Архіўнае даследаванне Вячаслава Шведа – яшчэ адна важкая праца на нацыянальную кніжную палічку.
[Not a valid template]
Ладзік Майніч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара