Названы імёны лаўрэатаў літаратурнай прэміі Гедройца
У Менску аб’явілі лаўрэатаў прэміі Гедройца. Пераможцам журы абрала Змітра Бартосіка за кнігу “Быў у пана верабейка гаварушчы”.
Пісьменнік і журналіст “Радыё Свабода” плануе падзяліць прэмію ў 5000 еўра са сваім рэдактарам.
– Я хачу гэту суму распалавініць і палову аддаць Сяргею Дубаўцу, без якога гэтай кнігі не бало б. Усё ж такі гэта мой рэдактар, які мяне на гэтую кнігу натхніў. А што рабіць з астатнімі грашыма, хай жонка вырашае.
Другое месца заняла Людміла Рублеўская з раманам “Дагератып”. У якасці прызу пісьменніца атрымала мажлівасць творча адпачыць на шведскім востраве Готлянд.
– Я лічу, што ўсе кнігі былі вартыя ўзнагароды. Таму што тут параўноўваць усё роўна што цёплае і салёнае.
На трэцяй пазіцыі ў спісе лаўрэатаў апынуўся Адам Глобус з кнігай “Зваротная перспектыва”. Але на цырымоніі аўтар не з’явіўся. Узнагародай яму стала права на публікацыю праз выдавецтва «Кнігазбор».
Дырэктар Польскага Інстытуту ў Менску Матэўш Адамскі заявіў, што афіцыйная Варшава працягвае падтрымку беларускае культуры, літаратуры і мовы. Польскі Інстытут – адзін з заснавальнікаў прэміі.
— Гэта падмурак ідэі і інтэлектуальнай спадчыны Ежы Гедройца. Ён абапіраў сваю ідэю на акроніме УЛБ: Украіна-Літва-Беларусь. І Ежы Гедройц казаў, што суверэнітэт гэтых трох краін з’яўляецца гарантыяй суверэнітэту і бяспекі Польшчы.
Матэўш Адамскі прызнаўся, што збіраецца прачытаць кнігу-пераможцу, пра якую шмат чуў напярэдадні. Дырэктар Польскага Інстытуту ў Менску спадзяецца, што прэмія Гедройца працягне сваё існаванне.
Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:
Стас Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск