Вялікі беларус Адам Мальдзіс
Не стала вялікага беларуса Адама Мальдзіса. Пісьменніка, літаратуразнаўца, гісторыка, краязнаўца, перакладчыка, доктара філалагічных навук, прафесара, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Якуба Коласа.
Не стала нашага архівіста, настаўніка, энтузіяста. Для беларускай культуры і літаратуры ён адзін зрабіў безліч адкрыццяў і даследаванняў, напісаў тысячы артыкулаў пра дзеячаў беларускай літаратуры, мастацтва і культуры XIX-XX стагоддзяў.
Дзякуючы Адаму Восіпавічу мы шмат цікавага і новага даведаліся пра жыццё і творчасць Яна Чачота, Яна Баршчэўскага, Вінцэся Каратынскага, Уладзіслава Сыракомлі, Станіслава Манюшкі, Аляксандра Ельскага, Ігната Дамейкі, Адама Плуга, Агінскіх і многіх-многіх іншых асобаў нашай Бацькаўшчыны. У 1969 годзе з друку выходзіць яго ўнікальная кніга нарысаў “Падарожжа ў XIX стагоддзе”, якая адразу стала рарытэтным выданнем.
Потым былі новыя даследаванні і новыя кнігі: “Традыцыі польскага Асветніцтва ў беларускай літаратуры XIX стагоддзя”, “На скрыжаванні славянскіх традыцый”, “З літаратуразнаўчых вандраванняў”, “Астравеччына, край дарагі”, “Восень пасярод вясны”, “Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча” і многія іншыя.
Дзякуючы Адама Мальдзісу свет пабачылі кнігі асобных твораў Адама Міцкевіча і Язэпа Дылы, былі выдадзены “Біблія” Францыска Скарыны і “Статут Вялікага Княства Літоўскага”. Ён пабываў у Ватыкане, сустракаўся з Папам Рымскім і гутарыў з ім. І самае галоўнае – дзякуючы намаганням Адама Мальдзіса быў створаны ў Менску Нацыянальны навукова-асветніцкі цэнтр імя Францыска Скарыны, пра які прафесар шмат гадоў марыў.
Кіраўніцтва цэнтрам дало Адаму Мальдзісу магчымасць разгарнуць дзейнасць па вывучэнні беларускай літаратуры ў цеснай лучнасці з сумежнымі навукамі і навуковымі галінамі: этнаграфіяй, фалькларыстыкай, мовазнаўствам, тэксталогіяй, краязнаўствам. Доктар філалагічных навук заснаваў часопіс “Кантакты і дыялогі”, у якім сталі друкавацца матэрыялы даследаванняў Цэнтра, тэзісы дакладаў на тых міжнародных навуковых канферэнцыях, якія праводзіліся па ініцыятыве Цэнтра.
У рамках Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтра імя Францыска Скарыны вялася дзейнасць па наладжванні сувязей з беларусамі за мяжой. Адам Мальдзіс узняў пытанне і пра вяртанне Беларусі вывезеных за яе межы культурных каштоўнасцей. Узначальваючы гэтую справу, Адам Восіпавіч стаў прэзідэнтам Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, старшынёй мемарыяльнай камісіі Саюза беларускіх пісьменнікаў, старшынёй камісіі “Вяртанне” Беларускага фонду культуры і г.д.
У Адама Мальдзіса вучыліся літаратуразнаўству маладыя даследчыкі нашай літаратуры. Адам Восіпавіч і сам шчыра ўсім дапамагаў, раіў, падказваў. Ён даваў адказы ўсім тым, хто да яго звяртаўся з пытаннем ці просьбай па гісторыі беларускай літаратуры і культуры. На вялікі жаль, пры жыцці яго праца не была належным чынам ацэнена, заўважана вялікімі чыноўнікамі, ды і ў поўнай меры не скарыстана. Хаця Адам Восіпавіч узнагароджваўся медалём і ордэнам Францыска Скарыны, медалём “100 гадоў БНР”, польскімі ганаровымі адзнакамі, меў званне заслужанага дзеяча польскай культуры.
Смерць Адама Восіпавіча – вялікая страта для ўсёй беларускай творчай інтэлігенцыі, для нашай культуры і гісторыі. Вялікі беларус застанецца ў памяці ўсіх нас, хто яго ведаў, сябраваў і чытаў.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя