Вялікі беларус Вацлаў Ластоўскі



8 лістапада спаўняецца 140 гадоў з дня нараджэння беларускага палітыка, удзельніка абвяшчэння незалежнасці БНР, гісторыка, пісьменніка Вацлава Ластоўскага (1883-1938).

Вацлаў Ластоўскі ўзначальваў кабінет міністраў БНР. Баронячы нацыянальныя правы беларусаў, ён наведаў з дыпламатычнымі місіямі Бельгію, Германію, Ватыкан, Чэхаславакію, Францыю, Швейцарыю. У 1928 годзе адшукаў нацыянальную святыню – Крыж Еўфрасінні Полацкай.

Даследаваў старажытнабеларускую літаратуру, гісторыю і паходжанне назвы Беларусь. Аўтар гістарычнай аповесці «Лабірынты» (1923), сцэнічнага эпізода з жыцця Францыска Скарыны («Адзінокі», 1923). Апрацоўваў гістарычныя легенды. Выдаў «Падручны расейска-крыўскі (беларускі) слоўнік» (Коўна, 1924), які акрамя асноўнага лексічнага масіву ўключаў руска-беларускі слоўнік асабовых імён «Крыўскі (беларускі) іменьнік»; слоўнік тэрмінаў арніталагічных «Назовы птахаў» і батанічных – «Іменьнік расьцін»; слоўнік беларускай вайсковай тэрміналогіі «Вайсковая каманда».

У 1925 годзе Вацлаў Ластоўскі апублікаваў «Летапісца Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» паводле спісу Рачынскага. Аўтар «Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі» (1926), якая ўяўляе сабой агляд «звыш 1000 важнейшых рукапісных кніг, грамат, старадрукаваных кніг з пачатку зараджэння беларускага пісьма (X ст.) аж да XIX ст.».

Пасля пераезду ў БССР апрацаваў разам з Міколам Шчакаціхіным «Праваднік па аддзеле сучаснага беларускага малярства і разьбярства» (1929), распачаў вялікую працу «Матэрыяльная культура Беларусі», якая ахоплівала перыяд ад XVI да XX стагоддзяў. Займаўся перакладамі.

Дакументы і матэрыялы з архіва Вацлава Ластоўскага захоўваюцца ў Вільнюсе, Маскве, Менску, Саратаве.

У 1927 годзе, паверыўшы ў лібералізацыю Савецкай Беларусі, вяртаецца на Радзіму, дзе некаторы час працуе дырэктарам дзяржаўнага музея БССР. Ад 1928 года Вацлаў Ластоўскі – неадменны сакратар і акадэмік АН БССР.

18 ліпеня 1930 года Ластоўскага арыштоўваюць, а ў яго кватэры супрацоўнікамі Дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення быў праведзены вобыск. З бібліятэкі забралі шмат рукапісаў.

Акадэміка Вацлава Ластоўскага саслалі ў Саратаў. 23 студзеня 1938 года Ваенная калегія Вярхоўнага суда СССР прыгаварыла Вацлава Ластоўскага да расстрэлу.

Беларускае Радыё Рацыя