„Вялікі гістарычны атлас Беларусі”



Чатырохтомнае выданне „Вялікі гістарычны атлас Беларусі” плануюць прэзентаваць на міжнародных кніжных выстаўках, паведаміла 21 лістапада журналістам начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Беларусі Алена Паўлава ў час урачыстай цырымоніі прэзентацыі выдання.

„Вялікі гістарычны атлас Беларусі” – гэта знакавы, унікальны праект, які несумненна ўвойдзе ў скарбніцу беларускага кнігавыдання. Праект глыбокі па змесце, але што для нас важна – выпушчаны ў багатым мастацкім і паліграфічным афармленні. Думаю, атласу неабходна прыняць удзел у нацыянальным конкурсе „Мастацтва кнігі”, які адбудзецца ў студзені 2019 года, а затым у міжнародным конкурсе „Мастацтва кнігі” дзяржаў – удзельніц СНД, таму што гэта выданне абавязкова будзе ўдастоена высокіх узнагарод. І, вядома ж, мы запрашаем да ўдзелу з практычна гатовай прэзентацыяй стваральнікаў атласа на буйнейшы кніжны форум нашай краіны – ХХVI Мінскую міжнародную кніжную выстаўку-кірмаш, што будзе праходзіць 6-10 лютага наступнага года”, – падкрэсліла Алена Паўлава.

Выданне „Вялікі гістарычны атлас Беларусі” – гэта першы ўнікальны навукова-даведачны картаграфічны твор, які найбольш поўна адлюстроўвае гістарычнае мінулае беларускай дзяржавы і ўяўляе сабой каласальную сумесную працу беларускіх вучоных і картографаў.

Асноўную ролю ў арганізацыі работ па стварэнні атласа, выкананне картаграфічных работ і яго фінансаванне ажыццявіла РУП „Белкартаграфія” Дзяржаўнага камітэта па маёмасці. Несумненная заслуга ў падрыхтоўцы выдання належыць вучоным інстытута НАН Беларусі, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, спецыялістам Беларускага навукова-даследчага цэнтра электроннай дакументацыі, іншых дзяржаўных органаў і арганізацый.

belta.by