Вялікі перакладніцкі фэст у Гародні



Літаратурнае свята “ПЕРА-k-ЛАД” у дворыку гарадзенскай “Цудоўні” сабрала некалькі дзясяткаў ахвотных паслухаць Андрэя Хадановіча, Марыю Мартысевіч і  Надзею Кандратовіч. А тыя прадставілі навінкі перакладной літаратуры.

Пра адметнасць свята кажа вядоўца – Андрэй Хадановіч:

— Адметная для мяне тым, што змяняе крыху расстаноўку сіл на беларускім кніжным рынку, які калі такі ёсць. Некалькі месяцаў таму, на Каляды, я ўзяўся пісаць кніжныя агляды і раптам зразумеў, што магу напісаць два вялізныя тэксты, адзін з якіх будзе цалкам прысвечаны перакладной паэзіі. Гэта васямнаццаць пазіцый, 18 цікавых кніжак замежнай паэзіі, якая выйшла проста за год. Гэта я толькі добрыя разглядаў. Тое самае з прозай: 18, а магло быць крыху і больш, і кожная з гэтых пазіцый – добрая.

Марыйка Мартысевіч на гэтым свяце прадставіла творы з праекту “Амерыканка”:

— Выдалі на сёння ўжо фактычна 4 кнігі. Гэта кнігі: «Чытво» Чарлза Букоўскага, «Байцоўскі клуб» Чака Паланюка, «Пенелапіяда» Маргарэт Этвуд, і «Палёт над гняздом зязюлі» Кена Кізі. Я расказала гарадзенскай публіцы пра гэтую серыю і заахвоціла іх чытаць беларускія пераклады.

Музычнай аздобай вечару перакладаў стаў выступ Алеся Дзянісава з музыкамі, якія выканалі некалькі песень — перакладаў ірландскага паэта Уільяма Ейтса.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня