Вялікі поспех гурта “Vuraj” у Варшаве



У Варшаве ў клубе “Cynamon&Kardamon” выступіў беларускі гурт “Vuraj”. Музыкі ездзяць па беларускіх вёсках і збіраюць народныя спевы, каб потым на іх аснове стварыць новыя песні ў стылі інструментальнага тэатру, казачнага фольку ды іншых накірункаў. Назва гурта паходзіць з Палесся, а матывы для твораў музыкі шукаюць яшчэ і на Лепельшчыне, тлумычыць лідар гурта Сяргей Доўгушаў:

– На Палессі я не раз чуў, як казалі “вурай”, не “вырай”. І вось само слова “вурай” мне больш падабаецца. Палова песняў – з Палесся, з экспедыцый, якія мы асэнсавалі і па-свойму зрабілі, і палова – з Віцебшчыны, найчасцей, Лепельшчыны. То бок два рэгіёны мы яднаем разам.

На варшаўскі канцэрт гурта “Vuraj” прыйшло да 100 чалавек, у тым ліку шмат іншаземцаў. Сябра гурта Эрык Арлоў-Шымкус зазначае, што публіка вельмі добра прыняла іх музыку:

– Гэта штосьці неверагоднае, часам у Менску так не прымаюць, як прынялі ў Варшаве. Не чакалі, што будзе столькі шмат людзей, і што яны будуць сядзець ажно два нашых сэты і так уважліва слухаць і рэагаваць, а на адной з апошніх песняў будуць так доўга з намі спяваць. Атрымалася гэтакае аб’яднанне ўсіх.

5 лютага гурт “Vuraj” зграе яшчэ адзін канцэрт у Польшчы – у Шчэціне, а 8 лютага беларускія музыкі наведаюць Прагу.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя