Вялікі Вітаўт на паштоўках
За князем Вітаўтам (1350-1430) дзяржава нашых продкаў з’яўлялася самай буйнай краінай Еўропы, займаючы тэрыторыю больш за 900 тысяч квадратных кіламетраў. Рэальна ён кіраваў войскамі ў бітве пад Грунвальдам. Пры Вітаўту старабеларуская мова была дзяржаўнай. А па назве краіны яе жыхары з гонарам называлі сябе ліцвінамі.
Пакуль пра нашага Вялікага князя Вітаўта напісана мала кніг, выпушчана мала марак, канвертаў, паштовак, значкоў, фільмаў. Але, што датычыць паштовак, дык выданні ў розны пасляваенны час з’яўляліся. Напрыклад, першай беларускай паштоўкай, прысвечанай Вітаўту, была паштоўка “Вялікі князь Вітаўт”, якая выйшла з друку на эміграцыі напачатку 1950-х гадоў. Яе падрыхтавалі і выпусцілі сябры Задзіночання беларускіх ветэранаў у аўстралійскім горадзе Брысбэне. Паштоўка тады выйшла ў двух варыянтах – шэрым і зялёным.
У 1991 годзе цікавая паштоўка, прысвечаная Грунвальскай бітве 1410 года і Вітаўту, была надрукавана ў Баранавіцкай друкарні накладам ажно 20 тысяч асобнікаў. На адным баку паштоўкі адлюстраваны галава Вітаўта і тэкст: “Вялікі Вітаўт. 1350-1430. Дубраўна. Грунвальд. 1410”. На другім баку паштоўкі – герб Пагоня і бел-чырвона-белая стужка.
“Гонар беларускай нацыі” – так называлася паштоўка-каляндар, прысвечаная нашай гісторыі. На ёй адлюстраваны па стагоддзях – княжанні вялікіх князёў, сучасны малюнак моладзі з Пагоняй і бел-чывона-белым сцягам з малюнкам Вітаўта на кані. На паштоўцы змешчаны календары на 2001-2002 гады і знакавыя даты беларускай гісторыі, а таксама вершы Ларысы Геніюш. Дзе была выдадзена паштоўка – не пазначана. Але аўтары яе ёсць. Гэта – малюнкі Базыля Камарова, а макетаванне – Міхася Булавацкага і Андруся Слуцкага.
Маёнтак Падароск Ваўкавыскага раёна падрыхтаваў і выдаў у 2017 годзе накладам 1000 асобнікаў у менскім выдавецтве “Тэхналогія” набор паштовак, прысвечаных уладарам Вялікага Княства Літоўскага. Сярод уладароў у наборы паштовак ёсць і паштоўка, прысвечаная Вітаўту. Аўтарам паштовак з’яўляецца арыгінальная мастачка Вольга Зяноўка, а аўтарам тэксту – пісьменнік Уладзімір Арлоў.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя
Паштоўкі з калекцыі аўтара