Вялікія асобы Беларусі на паштоўках Міхася Казлоўскага



Краязнавец, літаратуразнавец, архівіст і бібліяфіл Міхась Казлоўскі з Маладэчна добра вядомы сёння ў творчых колах чалавек. Гэта дзякуючы яму адшуканы цікавыя матэрыялы і напісаны артыкулы і кнігі, прысвечаныя Язэпу Драздовічу, Сяргею Сахараву, Валянціне Казлоўскай, Адольфу Клімовічу і іншым беларускім дзеячам.

Міхась Казлоўскі з’яўляецца рэдактарам-выдаўцом часопіса “Куфэрак Віленшчыны”. Ён быў першым арганізатарам і старшынём Маладэчанскай філіі ТБМ. Пад яго рэдакцыяй выйшла шмат кніг паэзіі, прозы і краязнаўчай публіцыстыкі, а таксама шэраг паштовак, прысвечаных дзеячам беларускай культуры. Давайце нагадаем некаторыя з іх.

Першыя паштоўкі Міхась Казлоўскі падрыхтаваў і выдаў у 1998 годзе. Гэта былі паштоўкі, прысвечаныя другому прэзідэнту БНР Васілю Захарку (1877-1943), беларускаму палітычнаму і ваеннаму дзеячу, публіцысту, перакладчыку і педагогу Кастусю Езавітаву (1893-1946), дзеячцы беларускага нацыянальнага руху Палуце Бадуновай (1885-1938), каталіцкаму святару, публіцысту, грамадска-палітычнаму дзеячу Вінцэнту Гадлеўскаму (1888-1942), беларускаму культурна-асветніцкаму дзеячу, эканамісту, педагогу Адаму Більдзюкевічу (1895-1952).

У гэтым годзе выдаюцца прыгожыя паштоўкі, прысвечаныя мастаку Язэпу Драздовічу (1888-1954) і пісьменніку Уладзіміру Караткевічу (1930-1984). А ў 2010 годзе Міхась Казлоўскі разам з краязнаўцам і калекцыянерам з Воршы Алесем Сярожкіным выпускаюць яшчэ адну паштоўку з выяваю Уладзіміра Караткевіча. Яна была прысвечана 80-годдзю вядомага нашага літаратара.

У 1999-2000 гадах Міхась Казлоўскі ў Маладэчне выпускае шэраг новых паштовак з выявамі славутых сыноў Беларусі. Гэта паштоўкі, прысвечаныя беларускаму рэлігійнаму і палітычнаму дзеячу, гісторыку і публіцысту Адаму Станкевічу (1892-1949), беларускаму гісторыку, краязнаўцу, мовазнаўцу і мастацтвазнаўцу Міколу Каспяровічу (1900-1937), беларускім паэтам і  грамадскім дзеячам Алесю Гаруну (1887-1920), Уладзіміру Жылку (1900-1933), Уладзіміру Дубоўку (1900-1976)…

Разам з Алесем Сярожкіным Міхась Казлоўскі выдае паштоўку з выяваю геніяльнага паэта былой Заходняй Беларусі Максіма Танка (1912-1995). Не забывае выдавец і народнага паэта Беларусі Янку Купалу (1882-1942), гісторыка і паэта Міколу Ермаловіча (1921-2000), беларускага пісьменніка, гісторыка, аднаго з пачынальнікаў беларускага адраджэння Вацлава Ластоўскага, паэтку-змагарку Ларысу Геніюш (1910-1983) і іншых вялікіх асобаў нашай Бацькаўшчыны.

Паштоўкі ад Міхася Казлоўскага – гэта адна са старонак нашай беларускай філакартыі і гісторыі. А таксама памяць пра тых, хто жыў і працаваў дзеля роднай Беларусі.

Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя

Паштоўкі з калекцыі аўтара