Вярхоўны суд ліквідаваў Беларускі ПЭН-цэнтр



Вярхоўны суд ліквідаваў рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне „Беларускі ПЭН-цэнтр” — арганізацыю, якая займалася развіццём беларускай культуры, абаронай свабоды слова, правоў журналістаў, літаратараў і іншых культурных дзеячаў. Адпаведнае рашэнне на пасяджэнні Вярхоўнага суда 9 жніўня прыняла суддзя Ганна Сакалоўская. Падставай для ліквідацыі стаў пазоў Міністэрства юстыцыі.

Як паведамлялася, 14 ліпеня сілавікі зрабілі вобшук па юрыдычным адрасе ПЭН-цэнтра. У прадстаўнікоў ГУБАЗіК МУС была пастанова на вобшук, падпісаная генпракурорам.

У кастрычніку 2019 года Беларускі ПЭН-цэнтр ачоліла беларуская пісьменніца, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры 2015 года Святлана Алексіевіч, якая таксама з’яўляецца віцэ-прэзідэнтам Міжнароднага ПЭН-клуба.

Беларускае Радыё Рацыя