Вярхоўны суд разгледзіць пазоў аб ліквідацыі Беларускага ПЭН-цэнтру 3 жніўня



Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь разгледзіць пазоў аб ліквідацыі Беларускага ПЭН-цэнтру 3 жніўня, паведаміла намесніца старшыні арганізацыі Таццяна Нядбай.

«Стала вядома, што суд па ліквідацыі Беларускага ПЭНу прызначаны на 3 жніўня. Даведаліся, бо самі тэлефанавалі ў прыёмную. Ніякіх пісьмовых апавяшчэнняў пакуль не атрымлівалі», — напісала Нядбай у Фэйсбуку.

14 ліпеня сілавікі правялі ператрус па юрыдычным адрасе Беларускага ПЭН-цэнтру. У прадстаўнікоў ГУБАЗіК МУС была пастанова на ператрус, падпісаная генеральным пракурорам. У сувязі з пандэміяй каронавірусу арганізацыя ўжо больш за год працуе ў дыстанцыйным рэжыме, таму па юрыдычным адрасе нікога з супрацоўнікаў не было.

Паводле Тацяны Нядбай, сілавікі правялі ператрус у іншай арганізацыі, у якой такі самы юрыдычны адрас, канфіскавалі ўсю тэхніку. ПЭН-цэнтру, які ўзначальвае Нобелеўская лаўрэатка ў галіне літаратуры Святлана Алексіевіч, вядома аб узбуджэнні справы па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы), ч. 1 арт. 357 (змова або іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады), ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім).

19 ліпеня стала вядома пра арышт рахункаў Беларускага ПЭН-цэнтру, а 22 ліпеня з’явілася інфармацыя, што Міністэрства юстыцыі падало пазоў аб ліквідацыі арганізацыі.

svaboda.org