Вяртанне „Крамы” з новым альбомам



Знакаміты гурт «Крама» вяртаецца з новым альбомам «Белая вада». Музыкі называюць новы доўгачаканы альбом найлепшым па гуку за ўсю гісторыю «Крамы». Распавядае лідар гурта Ігар Варашкевіч.

–  Творчая праца расцягнулася практычна на 20 гадоў. Апошняя песня «Твой накірунак» напісаная ў 1995 годзе, і толькі зараз яна пабачыць свет. А фізічная праца расцягнулася на 4 гады. Першая частка альбома была запісаная ў студыі «Ліпрыконсаў» ў 2009 годзе. Пасля праца была спынена па розных прычынах і аднавілася толькі ў гэтым годзе ў другой студыі.

 У планах «Крамы» – тур па краіне, хаця дакладныя тэрміны і спіс гарадоў канцэртнай трасы яшчэ не вызначаныя, кажа гітарыст Сяргей Трухановіч.

– Мне здаецца, што па якасці гучання гэта наш лепшы альбом за ўвесь час. Ужо пасля Новага года хацелі б, каб адбыўся нейкі тур па Беларусі, канцэртаў пяць па асноўных гарадах.

Канцэрт-прэзентацыя «Белай вады» гурта «Крама» адбудзецца 28 лістапада ў менскім Палацы культуры чыгуначнікаў.

Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота ultra-music.com