Вяртанне на радзіму пасля 35 год жыцця ў Сібіры
Пасля 35 год жыцця ў Сібіры на малую радзіму ў Беларусь вярнуўся гісторык і этнограф Алег Рудакоў. Ён вядомы тым, што адраджаў і развіваў беларускую мову і культуру ў Іркуцку і рэгіёне, а таксама браў удзел у розных нацыянальных імпрэзах у Беларусі.
Вярнуўся Алег Рудакоў у вёску Бяздзедавічы, што на Полаччыне, у хату сваіх бацькоў. Прыехаў ён не адзін, а з жонкай Вольгай Галанавай, з якой ажаніўся ў Сібіры некалькі месяцаў таму.
Паводле Алега Рудакова, у 2013 годзе ў яго памёр бацька, у маці – праблемы са здароўем, бацькоўская хата паступова прыходзіла ў заняпад. Таму ён разам з жонкай вырашыў пераехаць і наладзіць быт у роднай хаце:
– Хопіць ужо ў Сібіры жыць, там ужо зерне пасыпана, там у нас ёсць 5 беларускіх арганізацый, ёсць свае моцныя лідары, ёсць гурты свае. Таму там ужо жыццё беларускае віруе. А я вырашыў, што трэба вярнуцца на сваю бацькаўшчыну, на сваю радзіму, у сваю родную вёску, каб усё ж такі адрамантаваць сваю бацькоўскую хату, бо яна таксама вельмі ўнікальная. Старая хата, шмат у ёй знаходжу такіх старых прадметаў быту беларусаў, якіх проста нельга выкідваць.
Алег Рудакоў плануе і далей працаваць на карысць развіцця беларушчыны. Ён цяпер займаецца рамонтам бацькоўскай хаты, якую марыць ператварыць у прыватны этнаграфічны музей або аграсядзібу. Такім чынам ён збіраецца знаёміць людзей з вясковым бытам простых беларусаў.
Этнограф на малой радзіме далучыўся разам з жонкай да дзейнасці фальклорнага гурта “Варган”. Таксама яны ўдзельнічаюць у розных беларускіх імпрэзах. Нядаўна яны бралі ўдзел у свяце “Масленіцы” згодна з беларускімі традыцыямі на Глыбоччыне.
На фота: Вольга Галанава – у цэнтры
Вольга Галанава спявае разам з гуртом „Варган”
На „Масленіцы” ў Глыбоцкім раёне
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя