Вяртанне праз 100 гадоў
Праз сто год на Глыбоччыну вярнулася ўнікальная паштоўка. Жыхары Глыбокага набылі паштоўку з выявай свайго мястэчка, выдадзеную перад Першай Сусветнай вайной і перадалі яе мясцоваму гісторыка-этнаграфічнаму музею.
Па словах краязнаўцы Юрыя Калбасіча, глыбачане даведаліся пра існаванне паштоўкі на аўкцыёне ay.by, вырашылі сабраць грошы і набыць яе, бо на ёй быў цікавы краявід і яна расфарбаваная ўручную.
– Знайшоў гэтую паштоўку Кастусь Шыталь – наш малады краязнаўца. Такія рарытэты трапляюць нячаста. І яе трэба было тэрмінова выкупіць. Першапачатковы кошт быў 85 даляраў. Вырашана было прапанаваць мясцовым жыхарам праз сацыяльныя сеткі сабраць ахвяраванні. У выніку паштоўка была набытая за 52 даляры.
Як кажа Юры Калбасіч, цікавы і той факт, што паштоўка была адпраўленая з Глыбокага ў Менск 2 кастрычніка 1915 года на вуліцу Шпітальную. І вярнулася ў Глыбокае спачатку таксама на вуліцу Шпітальную, а потым была перададзеная ў музей.
[Not a valid template]
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае
Фота аўтара