Вяртанне святыні: Лаўрышаўскае Евангелле ў Беларусі
1 сакавіка 2019 г. а 11-й гадзіне ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбудзецца прэзентацыя і ўрачыстая перадача ў дар факсімільнага выдання Лаўрышаўскага Евангелля.
Унікальны рукапісны помнік ранняга перыяду гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, дзякуючы выдавецкаму ўзнаўленню, стаў дасяжны даследчыкам і аматрам спадчыны беларускага Сярэднявечча.
Лаўрышаўскае Евангелле – рукапісны помнік кніжнай культуры ХІІІ–XIV ст. Быў створаны для праваслаўнага Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра пад Наваградкам, аб чым сведчаць укладныя (дарчыя) запісы, змешчаныя ў кнізе. Лаўрышаўскае Евангелле мае адметнае мастацкае аздабленне: ілюстравана мініяцюрамі, пераплёт упрыгожаны каштоўнымі камянямі і фігурнай металічнай пласцінай з выявай святога воіна (магчыма, князя Войшалка).
У перыяд знаходжання Беларусі ў Расейскай Імперыі ў XIX ст. унікальная кніга была вывезена ў Кракаў, дзе цяпер і захоўваецца ў Бібліятэцы князёў Чартарыйскіх (Польшча, Кракаў).
Факсімільнае выданне выйшла ў канцы 2018 г. у кіеўскім выдавецтве «Горобець» ва Украіне. Лаўрышаўскае Евангелле праз знітаванасць нашых традыцый з’яўляецца супольнай гістарычнай каштоўнасцю чатырох краін – Беларусі, Літвы, Польшчы і Украіны.
Арганізатары мерапрыемства – Нацыянальная бібліятэка Беларусі, пасольства Украіны ў Рэспубліцы Беларусь, выдавецтва «Горобець». Запрашаем далучыцца да ўрачыстай імпрэзы.