Вяртаў Беларусі імёны героеў
Вядомы беларускі гісторык літаратуразнавец, пісьменнік і археограф Генадзь Кісялёў нарадзіўся 19 сакавіка 1931 году ў падмаскоўным горадзе Каломна. Што цікава, ягоны бацька быў спецслужбоўцам, а маці паходзіла з Віцебшчыны. З Падмаскоўя сям’я пераехала ў Беларусь. Вучыўся Генадзь у сярэдняй школе ў Віцебску, якую скончыў у 1948 годзе. Ужо ў той час захапіўся гісторыяй. У 1953-ім скончыў Маскоўскі гістарычна-архіўны інстытут. Далей працаваў у архіўных установах Літоўскай ССР. У 1956-59 гадах вучыўся ў аспірантуры пры тым жа Маскоўскім гістарычна-архіўным інстытуце. Далей цягам 1960-71 быў навуковым супрацоўнікам Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіву Літоўскай ССР. У 1971-ым пераехаў у Беларусь і стаў навуковым супрацоўнікам Інстытуту літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі Навук Беларусі. Быў сябрам Саюзу пісьменнікаў. Стварыў сям’ю, меў дзвюх дачок.
У друку Генадзь Кісялёў дэбютаваў у 1958 годзе. Аўтар зборнікаў гістарычна-літаратурных нарысаў “Сейбіты вечнага” (1963), “З думай пра Беларусь” (1966), “Героі і музы” (1982), даследаванняў “Загадка беларускай „Энеіды“” (1971), “Пошукі імя” (1978), “Спасцігаючы Дуніна-Марцінкевіча” (1988), літаратуразнаўчай дылогіі “Разыскивается классик…” (1989), гістарычных нарысаў “Паплечнік Каліноўскага” (1976), “На пераломе дзвюх эпох: Паўстанне 1863 года на Міншчыне” (1990). Аўтар зборнікаў гістарычна-літаратурных матэрыялаў “Пачынальнікі” (1977), “Пуцявінамі Янкі Купалы” (1981), “З жыццяпісу Якуба Коласа” (1982), “Шляхам гадоў” (1990). Адзін са складальнікаў зборнікаў дакументаў “Рэвалюцыйны ўздым у Літве і Беларусі 1861-1862 гг.” (1964), “Паўстанне ў Літве і Беларусі 1863-1864” (1965).
Кісялёў даследаваў беларускую літаратуру і нацыянальны рух 19-га стагоддзя, жыццё і творчасць Кастуся Каліноўскага, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Францішка Багушэвіча, Арцёма Вярыгі-Дарэўскага, Паўла Шпілеўскага, Якуба Коласа, Янкі Купалы. Менавіта ён дакладна ўстанавіў аўтарства ўнікальных твораў нашай літаратуры – паэмаў “Энеіда навыварат” і “Тарас на Парнасе”. Таксама працаваў над скарыназнаўчымі тэмамі.
Па словах Уладзіміра Арлова “са старонак Кісялёва да нас прыходзілі рэальныя героі – з адрасамі, імёнамі, мянушкамі. Іх партрэты хацелася павесіць над сваім ложкам у інтэрнацкім пакоі”. Архівіст і гісторык Генадзь Кісялёў рашуча бараніў імя нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага, менавіта найперш дзякуючы яго высілкам у серыі “Беларускага кнігазбору” у 1999-ым годзе выйшаў томік “За нашую вольнасць”, прысвечаны кіраўніку вызвольнага паўстання. Дзякуючы навукоўцу беларусам вярнуліся імёны дзясяткаў іншых выдатных асобаў з часу далёкага 1863 году. Такога знаўцы лёсаў гісторыі Беларусі эпохі паўстання ў Беларусі не было ні да, ні пасля Кісялёва.
Памёр Генадзь Кісялёў 14 лістапада 2008 году ў Менску пасля цяжкай хваробы. Пахаваны на сталічных Кальварыйскіх могілках. Ужо пасля смерці даследчыка з друку выйшла кніжка яго твораў “Смак беларушчыны”.
Беларускае Радыё Рацыя