Вяскоўцаў цікавіць лёс сваіх знакамітых землякоў
Вёска Азярніца – адна з вялікіх вёсак Слонімшчыны. Тут захаваліся яшчэ школа, крамы, клуб, бібліятэка, ёсць царква, побач знаходзяцца вёскі Збочна, Клепачы, Мыслава, недалёка – Бяздоннае возера. З гэтымі мясцінамі звязана жыццё і дзейнасць аднаго з пачынальнікаў сучаснай беларускай літаратуры Кандратам Лейкам (1860-1921) – аўтарам першай беларускай п’есы для дзяцей “Снатворны мак”, Алесем Сучком – заходнебеларускім паэтам, які друкаваўся ў часопісе “Шлях моладзі”, Міколам Арочкам – доктарам філалагічных навук, пісьменнікам, які вучыўся ў Азарніцкай сярэдняй школе, і з іншымі літаратарамі і навукоўцамі. Пра ўсіх іх гутарыў з вяскоўцамі слонімскі літаратар Сяргей Чыгрын у Азярніцкай сельскай бібліятэцы.
Падчас сустрэчы ў бібліятэцы была арганізавана выстава кнігі і публікацый Сяргея Чыгрына, прысвечаных Слонімшчыне і яе людзям, а вучні школы чыталі яго вершы. Вяскоўцы задавалі госцю шмат пытанняў пра лёс сваіх землякоў, распавядалі пра сваё жыццё ў вёсцы і прасілі часцей творчым людзям іх наведваць.
Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Слонімскі раён Фота аўтара