Вясковец з Пастаўшчыны ставіць памятныя крыжы



Тэма крыжа апошнім часам у Беларусі стала надзённай і папулярнай. Адныя вернікі ставяць крыжы, іншыя ж людзі – іх знішчаюць. Як гэта было, напрыклад, у Курапатах пад Менскам.

Міхась Татарэнка з вёскі Хрыстова, што на Пастаўшчыне, належыць да першай групы вышэйзгаданых. Ён, зваршчык па спецыялізацыі, а цяпер пенсіянер, ставіць крыжы ў сваёй вёсцы і на месцы ўжо зніклых. Па словах Міхася Татарэнкі, ідэя ставіць крыжы і памятныя знакі ў вёсках узнікла ў яго неяк сама сабой, без усялякіх парадаў іншых людзей. Ён проста працягвае традыцыі свайго дзеда, які таксама пакідаў такім чынам памяць пра сябе ды аднавяскоўцаў.

– Ні з кім я не дзяліўся, ні з кім нічога, сам я гэта ўсё.

РР: Яны ведаюць?

– Некаторыя ведаюць, некаторыя не ведаюць. Я пра гэта нікому не расказваў, хто хоча, той бачыць сам. Мне хочацца ўвекавечыць, каб гэта даўжэй было, пасля нас засталося.

РР: Для вас крыж – гэта сімвал чаго?

– Сімвал дабра.

Міхась Татарэнка паставіў памятныя знакі з крыжамі чатыром зніклым вёскам у сваёй акрузе, а таксама ў Мядзельскім раёне, дзе жыла калісьці яго маці (Турчына, Міхалова, Запаляны, Дзергуны). Цяпер ён робіць каплічку ў сваёй роднай вёсцы Хрыстова. Туды будзе прыязджаць на служэнне ксёндз з суседняй вёскі, а часам і яго сын-ксёндз, таксама Міхась Татарэнка, з вёскі Лужкі Шаркоўшчынскага раёна.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя