“Выбранае” Міхася Кавыля



 Неўзабавае ў Беластоку пабачыць сьвет укладзеная архівістам і даследнікам эміграцыі Лявонам Юрэвічам (Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва) кніга “Выбранае” беларускага паэта-эмігранта ў ЗША, сябры БІНіМу Міхася Кавыля (1915—2017).

Гэта першае пасля больш як трыццацігадовага перапынку выданне творчай спадчыны аўтара, удзельніка беларускага літаратурнага працэсу яшчэ канца 1920-х — пачатку 1930-х. Міхась Кавыль пачынаў свой творчы шлях у Менскім Белпэдтэхнікуме, друкаваўся на старонках “Маладняка”. Як і шмат хто зь ягоных сяброў, быў рэпрэсаваны на пачатку 1930-х, адбыў свой тэрмін на Далёкім Усходзе пад Уладывастокам і празь некаторы час змог вярнуцца на Бацькаўшчыну, каб зноў пакінуць яе ў 1944-м.

У творах Міхася Кавыля: і ў паэзіі, і ў прозе, і ў публіцыстыцы, і ва ўспамінах, якія ўвайшлі ў кнігу, — адлюстраваны пакручасты лёс беларускага інтэлігента ХХ стагоддзя.

Выданне мае на мэце не толькі вярнуць у нацыянальны літаратурны кантэкст творчасць паэта-эмігранта, але і адрадзіць серыю “Спадчына: агледзіны”, якую Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” выдавала яшчэ нядаўна ў Беларусі.