Выбраныя творы Валянціна Таўлая
У менскім выдавецтве “Кнігазбор” у серыі “Беларускі кнігазбор” пабачылі свет “Выбраныя творы” Валянціна Таўлая. Кнігу ўклаў, напісаў прадмову і каментар вядомы беларускі пісьменнік, аўтар беларускага “Буквара”, Анатоль Клышка.
У вялікай прадмове “Змагарная паэзія Валянціна Таўлая” Анатоль Клышка падкрэсліў, што “як адзін з нямногіх паэтаў, Валянцін Таўлай глыбока ўсведамляў, якая вялікая роля належыць паэзіі ў жыцці народа. Ён сам бачыў, як будзіла народ да змагання ў панскай Польшчы паэзія Янкі Купалы і Якуба Коласа. І ў Таўлая-паэта жыло вялікае пачуццё адказнасці за сваю творчасць не толькі перад сваім часам, але і перад будучым…”.
У “Выбраныя творы” Валянціна Таўлая ўвайшлі вершы паэта, паэмы “Таварыш”, “Песня пра сухар”, пераклады твораў Міцкевіча, Крылова, Талстога, Шэфнера, публіцыстычныя артыкулы. Ёсць вялікі раздзел у кнізе, у якім пісьменнікі прыгадваюць Валянціна Таўлая, а таксама пішуць пра яго творчасць і жыццё. А апошні раздзел кнігі склалі вершы Максіма Танка, Ніны Тарас, Алега Лойкі, Міколы Арочкі, прысвечаныя Таўлаю.
Шмат у кнізе апублікавана фотаздымкаў Валянціна Таўлая, яго родных і блізкіх людзей, многія з іх – даволі рэдкія.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя.