Выдадзена персанальная энцыклапедыя „Францыск Скарына”
Выдадзена персанальная энцыклапедыя „Францыск Скарына”, паведаміў журналістам у прэс-цэнтры БЕЛТА першы намеснік міністра інфармацыі Беларусі Ігар Луцкі.
Паводле яго слоў, выпуск персанальнай энцыклапедыі – заўсёды падзея. У Беларусі выпушчаны энцыклапедыі Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, і вось цяпер убачыла свет персанальная энцыклапедыя „Францыск Скарына”, якая выйшла ў выдавецтве „Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”.
Тыраж выдання складае 1,5 тыс. экзэмпляраў. Набыць гэту сумесную працу вучоных, мастацтвазнаўцаў і спецыялістаў выдавецтва можна ў сетцы „Белкніга”. Кошт такой кнігі – Br31, рэалізуецца з мінімальнай нацэнкай 5 працэнтаў.
Як дадаў дырэктар выдавецтва „Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” Уладзімір Андрыевіч, ідэя выпуску такога выдання ўзнікла два гады таму. Над ім працавалі каля 150 аўтараў, яно змяшчае больш за 1 тыс. артыкулаў, каля 500 фатаграфій.
Уладзімір Андрыевіч дадаў, што выдавецтва ў бягучым годзе падрыхтавала шэраг кніг „Скарыніяны” і практычна ўсе яны адзначаны на міжнародным узроўні. У першую чаргу гэта ўнікальнае выданне „Сусветная спадчына Францыска Скарыны”. Кніга выйшла на трох мовах (беларускай, рускай і англійскай). Упершыню ў адным выданні прадстаўлены ўсе 25 кніг беларускага кнігадрукара. Яно атрымала Гран-пры XIV Міжнароднага конкурсу краін – удзельніц СНД „Мастацтва кнігі – 2017” і Гран-пры Еўразійскай міжнароднай кніжнай выстаўкі Eurasіan Book Faіr 2017.