Выданне папяровай версіі «ARCHE» можа спыніцца
Друк беларускага незалежнага навукова-папулярнага часопісу «ARCHE» можа спыніцца празь недахоп сродкаў. Пра гэта паведаміла рэдакцыя выданьня ў інтэрнэт-рассылцы.
Cітуацыю пракаментаваў супрацоўнік «ARCHE» Сяржук Бахун.
«Праз крызыс людзі сталі менш выдаткоўваць грошай на друкаваныя выданні. Цяпер шмат друкаваных выданняў пераходзіць у электронную версію. Але нам хочацца захаваць і друкаваную версію часопіса „ARCHE”. Лічым, што гарантаваная падпіска можа нам у гэтым паспрыяць».
Рэдакцыя абвясціла на краўдфандынгавай пляцоўцы «Талака» збор рэсурсаў, дзякуючы якім зможа працягваць выдаваць часопіс у друкаваным выглядзе ды знойдзе новых чытачоў.
«Гэты збор сродкаў яшчэ адзін варыянт падпіскі на друкаваны часопіс. Цяпер мы маем падпіску праз Белпошту. Падпіска праз Талаку — яшчэ адзін канал, які можа даць нам падпісчыкаў. Гэта дазволіць мець падпісчыкаў яшчэ да выхаду нумара», — тлумачыць Сяржук Бахун.
«ARCHE» — беларускі незалежны навукова-папулярны часопіс. Выданне знаёміць з гісторыяў гарадоў, людзей і важных падзеяў. Піша аб нацыянальнай ідэнтычнасці, гісторыі ды памяці пра Другую сусветную вайну, часах сталінскіх рэпрэсіяў.