Выдавецтва «Галіяфы» пачынае новую кніжную серыю
Выдавецтва «Галіяфы» пачынае новую кніжную серыю. Яна будзе звацца «Святлацені» і сканцэнтруецца на малавядомай беларускай літаратуры 1920-40-х гг. Першай кнігай у серыі стаў зборнік Юркі Лявоннага «Пералівы», аднаго з паэтаў, расстраляных у 1937 годзе. Укладальнікам выдання стаў даследчык і паэт Віктар Жыбуль:
— Мы так мяркуем, што гэтая серыя будзе знаёміць сучаснага чытача з напаўзабытымі старонкамі беларускай літаратуры, або ўвогуле забытымі. Гэта творчасць паэтаў і празаікаў, якія пісалі ў міжваенны перыяд, гэта неадкрытыя старонкі нашай літаратуры. Нешта з гэтых твораў не выдавалася шмат гадоў, а нешта, увогуле захоўваецца ў рукапісах.
Прэзентацыя кнігі Юркі Лявоннага разам з серыяй «Святлацені» адбудзецца 29 траўня ў межах Фестывалю інтэлектуальнай кнігі «Прадмова». Сам фэст пачнецца заўтра, 27 траўня, у арт-кластэры Oк16, што на вуліцы Кастрычніцкай у Менску.
Поўную гутарку слухайце ў далучаным аудыёфайле:
Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя