Выйшаў “Беларускі гістарычны зборнік”
У Беластоку выйшаў з друку гадавік “Беларускі гістарычны зборнік” № 54 за 2021 год, які выдае Беларускае гістарычнае таварыства.
Зборнік вельмі багаты на самыя разнастайныя гістарычныя матэрыялы. Ён пачынаецца артыкулам Наталлі Сліж, прысвечаным астралагічным ведам пра свяціла і планеты ў рукапісе Супрасльскага манастыра.
Сяргей Токць знаёміць чытачоў з катаклізмамі і эпідэміямі, якія былі ў Беларусі ў сярэдзіне XIX стагоддзя. А гісторык Святлана Марозава распавядае пра горад Бяла-Падляска, што знаходзіцца ў Люблінскім ваяводстве, і ўшанаванне святога Язафата Кунцэвіча.
Зацікавіць чытачоў артыкул гісторыка Яўгена Анішчанкі пра картаграфаванне Беларусі ў 1772-1917 гадах. Творчых людзей парадуе артыкул Ганны Славінай пра развіццё заканадаўства Рэспублікі Беларусь – пра аўтарскае права. Сяргей Чыгрын прапануе эпісталярную спадчыну краязнаўца Уладзіміра Урбановіча з вёскі Валеўка Наваградскага раёна да пісьменніка Аляксея Пяткевіча з Гародні.
З “Беларускага гістарычнага зборніка” чытачы даведаюцца пра Станіслава Антонія Карпа – заможнага землеўладальніка Падляшскага ваяводства і Гарадзенскага павета. А гісторык Андрэй Буча напісаў пра Любоў Вернікоўскую. Гэта жанчына была ў ліку тых нямногіх пражскіх беларусаў, якія здолелі абараніць доктарскую дысертацыю ў Карлавым універсітэце. Менавіта з яе Віктар Вальтар напісаў галоўную гераіню рамана “Роджаныя пад Сатурнам”, прысвечанага жыццю беларускай эміграцыі ў Празе, Галену Вярхоўскую.
Пра позні пратэстантызм Заходняй Беларусі ў палітыцы нацыянальнай ідэнтычнасці ў кантэксце польскай палітыкі нацыянальнай ідэнтычнасці чытачы даведаюцца, калі прачытаюць даследаванне Таццяны Лісоўскай.
“Беларускі гістарычны зборнік” друкуе і шэраг іншых каштоўных матэрыялаў, якія аматары гісторыі з радасцю прачытаюць.
Беларускае Радыё Рацыя